Напрыканцы агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 9 лістапада, Папа Францішак благаславіў другую сучасную бронзавую скульптуру, ўсталяваную на плошчы Святога Пятра.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, мастацкі твор называецца Sheltering (Прытулак).
Гэта выява бяздомнага ў натуральную велічыню, якога накрывае сваімі крыламі голуб.
Нагодай для ўсталявання стаў шосты Сусветны дзень бедных, які ў Касцёле па ініцыятыве Папы Францішка адзначаць 13 лістапада.
Стваральнік скульптуры — канадзец Цімаці Шмальц.
Раней ён выканаў іншую бронзава-гліняную кампазіцыю Angels Unwares (Анёлы, якія не ведаюць пра гэта), якую таксама размясцілі на плошчы Святога Пятра. Гэта выявы бежанцаў рознага ўзросту і паходжання, якія тоўпяцца ў лодцы пад абаронай анёльскіх крылаў. Той твор таксама благаславіў Папа Францішак.