Пошук

27.02.2023 13:25   Паводле: rkc.org.ua / Фота: rkc.org.ua / Catholic.by

24 лютага, у гадавіну пачатку вайны ва Украіне, ва Усеўкраінскім санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Бярдычаве прайшло малітоўнае чуванне ў інтэнцыі заканчэння вайны і ўсталявання справядлівага міру.

Кусташ Бярдычаўскага санктуарыя айцец Віталій Казак OCD даў каментар парталу Рыма-Каталіцкага Касцёла ва Украіне rkc.org.ua: «Біскупы выступілі з ініцыятывай такога дня малітвы і посту і сваім прыкладам паказваюць, што значыць трываць у малітве і пасціць. Як кажа стары лацінскі выраз, словы павучаюць, прыклад заахвочвае. Біскупы вырашылі паказаць: мы молімся і пасцім, і вы рабіце таксама.

Як сказаў Езус, сатана выганяецца постам і малітваю, таму біскупы заахвочваюць нас маліцца, пасціць, і гэты дух вайны выйдзе з Украіны», — сказаў айцец кусташ.

На супольную малітву ў Бярдычаўскім санктуарыі сабраліся біскупы, святары і свецкія вернікі з розных мясцін Украіны.

Чуванне распачалося з выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту і ружанцовага набажэнства.

Малітву з разважаннямі над Радаснымі таямінцамі Ружанца праводзіў біскуп Харкаўска-Запарожскай дыяцэзіі Паўло Ганчарук. Малітва за ўкраінскі народ, валанцёраў, аб пабудове цывілізацыі любові і абароне кожнага жыцця, аб пашырэнні Божага Валадарства і Евангелля суправаджалася тэкстамі са Святога Пісання і разважаннямі, прасякнутымі болем, які перажываюць людзі ва Украіне.

Паміж часткамі Ружанца сабраныя прабывалі ў малітоўным маўчанні перад Езусам у Найсвяцейшым Сакрамэнце. Разважанні да тямніц Святла падрыхтаваў біскуп Адэска-Сімферопальскай дыяцэзіі Станіслаў Шырокарадзюк OFM.

«Слуханне Божага слова, выкананне Яго волі — гэта і ёсць наша навяртанне, абвяшчэнне Божага Валадарства на зямлі», — падкрэсліў у каментары да трэцяй таямніцы Святла іерарх.

Разважанні да трэцяй, Балеснай часткі Ружанца падрыхтаваў Апостальскі адміністратар Мукачаўскай дыяцэзіі біскуп Мікола Лучок ОР.

У гэтых разважаннях гучалі боль і пакуты, якія прынесла на зямлю Украіны вайна.

Балесная частка Ружанца стала асаблівай малітвай за знявечаных вайною, аб ацаленні іх ран і аб дары навяртання для тых, хто чыніць гвалт.

Разважанні да Хвалебных таямніц Ружанца былі падрыхтаваныя біскупам Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі Віталіем Крывіцкім SDB. «Сузіранне хвалебных таямніц з жыцця Езуса Хрыста дадае нам сілы перажыць час вайны; у гэтым нам патрэбна асаблівая дапамога і закліканне Святога Духа», — адзначыў іерарх.

Пасля Ружанца сабраныя ў Бярдычаўскім санктуарыі перад цудадзейным абразом Маці Божай Шкаплернай праспявалі Ларэтанскую літанію, а біскуп Віталій Скамароўскі прачытаў Акт прысвячэння Украіны Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

Цэнтральным момантам чування стала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Апостальскі нунцый ва Украіне арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас.

З уступным словам на пачатку Эўхарыстыі звярнуўся Мітрапаліт Львоўскі арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі, які выконвае абавязкі Старшыні Канферэнцыі Рыма-Каталіцкіх Біскупаў Украіны. Арцыпастыр прывітаў усіх прысутных і, у прыватнасці, сказаў:

«У гэты важны для нас час мы лепш разумеем сілу малітвы і патрэбу мець чуйнае сэрца, таму мы прыбылі ў нашу духоўную сталіцу — да Маці Божай Бярдычаўскай, каб праз малітву і пост ступіць на шлях вяртання міру ва Украіне і ў нашых сэрцах». Арцыбіскуп Макшыцкі таксама падзякаваў Апостальскаму нунцыяю Кульбокасу за супольную малітву, прывітаў прысутных біскупаў, духавенства, манаскіх асоб, семінарыстаў і Божы народ, а таксама тых, хто духоўна яднаўся з дапамогаю прамой трансляцыі. Кіраўнік украінскага рыма-каталіцкага епіскапату папрасіў Апостальскага нунцыя перадаць «словы ўдзячнасці Святому Айцу Францішку за еднасць з намі і ўсім украінскім народам».

У прамоўленай гаміліі нунцый Кульбокас засяродзіў увагу на малітве «Тваёй абароне аддаемся, святая Багародзіца». Іерарх заўважыў, што таксама прысвечаны святому шкаплеру санкутарый у Бярдычаве — гэта «сімвал нашага прытулку». Акрамя таго, прадстаўнік Папы Францішка ва Украіне вызначыў тры аспекты малітвы. Першы з іх датычыўся таго, што ў розных малітвах «мы шмат разоў паўтараем: „Маці Божая, маліся за нас, грэшных“.

Таму гэта — першая мэта нашай сённяшняй малітвы: аддаць сябе пад абарону заступніцтва святой Багародзіцы, каб нашая малітва не была толькі нашай, але стала малітвай Маці Божай. <…> Нават вайна, нават забойствы ці фальшывыя абвінавачванні не ў сілах разарваць нашую сувязь з Маці Божай, а разам з Ёю — з Богам Стварыцелем; Тым, хто дае жыццё», — сцвердзіў Апостальскі нунцый.

Другі аспект малітвы, на які ён звярнуў увагу, — гэта абарона жыцця ва ўсіх яго праявах. Зазначыўшы, што, «прымаючы Цела і Кроў Хрыста, мы прымаем Хлеб Жыцця», арцыбіскуп Кульбокас заахвоціў, «каб мы самі былі годнымі абаронцамі жыцця» братоў і сясцёр, ненароджаных…

Трэці закрануты іерархам аспект датычыўся малітвы нашай веры, якая не з’яўляецца чымсьці абстрактным. Паводле яго, вера азначае веданне таго, што ўсе нашыя ўчынкі маюць свой сэнс і свае наступствы: і пост, і малітва, і міласціна даюць вынікі.

«Ад нашай малітвы шмат у чым залежыць, ці будзе Украіна адзінай, ці будзе Украіна напоўнена верай, ці зможа Украіна абараніць сваіх сыноў і дачок», — сказаў Апостальскі нунцый Вісвальдас Кульбокас.

Пасля Імшы малітоўнае чуванне працягнулася выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту, Вяночкам да Божай Міласэрнасці і завяршылася Эўхарыстычным благаслаўленнем.

Абноўлена 27.02.2023 22:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа