Пошук

08.02.2023 16:16   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Фота: prague.synod2023.org

З 5 па 9 лютага ў Празе (Чэхія) праходзіць Еўрапейская асамблея Сіноду Біскупаў на тэму сінадальнасці, адным з арганізатараў якой стала Рада Канферэнцый Біскупаў Еўропы.

Як паведаміла Польская рэдакцыя парталу Vatican News, Старшыня РКБЕ арцыбіскуп Віленскі Гінтарас Грушас у сваёй прамове на пачатку асамбеі, у якой бяруць удзел таксама прадстаўнікі беларускага епіскапату, адзначыў, што надзея Еўропы — гэта сам Хрыстус.

«Мы перадусім з’яўляемся вестунамі паслання Хрыста. Сказана, што Касцёл не можа не быць сінадальным. Аднак сінадальны Касцёл не можа абстрагавацца ад Хрыста, ад жывой сустрэчы з Хрыстом», — падкрэсліў арцыбіскуп Грушас.

Старшыня РКБЕ дадаў, што сустрэча ў Празе павінна дапамагчы зразумець, якім чынам быць сінадальным Касцёлам у Еўропе. Разам з тым, Віленскі арцыбіскуп нагадаў, што католікі ўжо маюць у гэтай справе багаты вопыт.

«Касцёл заўсёды быў блізкім да людзей. Касцёл выходзіць, каб евангелізаваць. Але інклюзіўнасць не азначае, што людзі не маюць дадзенай ім Богам свабоды адкінуць Яго пасланне і прыняць рашэнне не ісці за Ім так, як Ён аб’явіўся, але выбраць свой уласны вобраз Бога. Гэта шмат разоў адбывалася ў Евангеллях. Папа Францішак заклікае нас да ўнутранага аднаўлення, каб мець адноўлены Касцёл; нам патрэбны Касцёл адноўленых людзей. Гэта таксама азначае, што трэба вучыць веры, умець ёю жыць, зразумець яе найглыбейшую рацыянальнасць.

Гаворка не ідзе пра змену веравучэння. Гаворка ідзе пра тое, каб зразумець веравучэнне і верна яго перадававаць, без ваганняў. Каб быць Касцёлам, які выходзіць, мы павінны ведаць, што нясем у свет і дзеля чаго гэта робім», — адзначыў іерарх.

Арцыбіскуп Гінтарас Грушас выказаў надзею на тое, што Еўрапейская сінадальная асамблея стане нагодаю для шырокай дыскусіі, а яе плёнам стане дакумент, які адлюструе жаданні і асцярогі ўсіх, а таксама будзе салідным з пункту гледжання веравучэння і прарочым сваім позіркам у будучыню.

Абноўлена 08.02.2023 16:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа