Пошук

08.02.2023 10:54   Паводле: ugcc.ua / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: ugcc.ua

З 1 верасня 2023 года Украінская Грэка-Каталіцкая Царква ва украіне пераходзіць на новы стыль календара для нерухомых святаў з захаваннем актуальнай пасхаліі.

Як інфармуе партал УГКЦ ugcc.ua, пра гэта абвясціў Першавярхоўны арцыбіскуп УГКЦ Святаслаў Шаўчук у прамым эфіры «Жывога тэлебачання», паведамляючы пра рашэнне Архіерэйскага Сіноду УГКЦ ва Украіне адносна каляндарнай рэформы.

«Узяўшы пад увагу шматлікія просьбы вернікаў і правёўшы папярэднія кансультацыі з духавенствам і манаскімі асобамі нашай Царквы пра наспелую патрэбу рэформы Літургічнага календара УГКЦ ва Украіне, а таксама з увагі на душпастырскія матывы: УГКЦ ва Украіне перайсці з 1 верасня паводле новага стылю (пачатак Індыкту) 2023 Божага года на новы стыль для нерухомых святаў з захаваннем дзейснай Пасхаліі», — сказана ў першым пункце пятай пастановы 93-й сесіі Архіерэйскага Сіноду УГКЦ ва Украіне, якая адбылася 1–2 лютага ў Львове-Бруховічах.

У адпаведнасці з гэтым рашэннем, ужо з 1 верасня гэтага года ўсе нерухомыя святы УГКЦ ва Украіне будзе святкаваць паводле новага стылю. А менавіта, Раство Хрыстова — 25 снежня, Богаз’яўленне (Аб’яўленне Пана — Catholic.by) — 6 студзеня, Звеставанне Найсвяцейшай Багародзіцы — 25 сакавіка, Пакроў Найсвяцейшай Багародзіцы — 1 кастрычніка, святога Мікалая — 6 снежня і гэтак далей.

«Я б падкрэсліў: гэта не толькі Раство! Падчас дыскусій і падрыхтоўкі да нашага Сіноду мы не казалі пра Раство, але пра ўсе святы, якія належаць да нерухомага цыклу. Бо гэта абсалютна супраць усялякіх літургічных правілаў змяняць дату святкавання толькі аднаго свята. Нельга змяняць дату Раства, пераносячы на 25 снежня, а ўсе іншыя пакінуць паводле старога стылю», — растлумачыў Першавярхоўны арцыбіскуп Шаўчук.

Пераход на новы стыль адбудзецца 1 верасня, бо ў гэты дзень распачынаецца новы літургічны год.

Парафіі, якія яшчэ не гатовыя да такога кроку, маюць магчымасць з дазволу свайго біскупа да верасня 2025 года святкаваць нерухомыя святы паводле старога стылю (Раство Хрыстова — 7 студзеня, Богаз’яўленне — 19 студзеня, Звеставанне — 7 красавіка і гэтак далей).

«Для тых парафій ці паасобных супольнасцяў, якія адчуваюць сябе яшчэ не гатовымі да такога кроку (па асаблівым благаслаўленні епархіяльнага біскупа), пакінуць магчымасць лдітургічнага жыцця паводле юліянскага календара на перыяд да 2025 года Божага», — сказана ў другім пункце пятай пастановы Сіноду.

Пасху і ўсе звязаныя з ёю святы УГКЦ ва Украіне будзе адзначаць паводле старога стылю, як і раней.

«Мы пераходзім на новы стыль толькі для нерухомых святаў. Мы вырашылі пакуль што пакінуць Пасхалію такою, якою яна ёсць сёння. Актуальная Пасхалія застаецца ў сіле», — сказаў кіраўнік УГКЦ.

Між тым, беларускія грэка-католікі традыцыйна адзначаюць усе рухомыя святы, а таксама Пасху і ўсе звязаныя з ёй святы паводле новага стылю, адначасова з вернікамі лацінскага, або рымскага абраду.

Паводле Першавярхоўнага арцыбіскупа Шаўчука, каляндарная рэформа УГКЦ ва Украіне будзе праходзіць у два этапы. Цяпер зроблены першы крок. Што датычыцца святкавання Пасхі, то біскупы «вырашылі крыху пачакаць».

Арцыпастыр УГКЦ патлумачыў, што ў 2025 годзе будзе адзначацца 1700-я гадавіна Першага Сусветнага Сабору. У межах падрыхтоўкі да гэтага юбілею вядзецца супольная праца ў дыялогу паміж Рымам і Канстанцінопалем над адноўленай Пасхаліяй, паводле якой усе хрысціяне будуць святкаваць Пасху ў адзін дзень.

«Будзем разам працаваць, далучацца да працэсаў сусветнага хрысціянства для рэформы Пасхаліі. Спадзяюся, што гэта будзе справа, хоць і недалёкай, але ўсё ж будучыні», — дадаў кіраўнік УГКЦ.

Першавярхоўны арцыбіскуп Шаўчук зазначыў, што калі праводзілі апытанне, то біскупы вырашылі: калі будзе каля 70% тых, хто падтрымлівае рашэнне адносна рэформы, тады можна будзе рухацца наперад. «А выявілася, што ёсць падтрымка амаль 90%, прычым практычна ў кожнай епархіі. Гэта значыць, што жаданне і патрэба каляндарнай рэформы аказаліся нашмат большымі, чым мы маглі спадзявацца, і гэта не можа не радаваць», — адзначыў Першавярхоўны арцыбіскуп УГКЦ Святаслаў Шаўчук, звярнуўшыся пры гэтым да ўсіх вернікаў з просьбаю паслухацца голасу сваёй Царквы-маці і захоўваць адзінства і аднастайнасць падчас правядзення каляндарнай рэформы.

Акрамя таго, на рэсурсе УГКЦ паведамляецца, што на новы стыль святкавання нерухомых святаў пераходзяць таксама вернікі УГКЦ у Польшчы, якія належаць да мясцовай Перамышльска-Варшаўскай Мітраполіі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця