З нагоды Дня малітвы і дапамогі Касцёлу на Усходзе, які адзначаецца ў Польшчы ў другую нядзелю Адвэнту, беларускую каталіцкую супольнасць у Варшаве наведаў арцыбіскуп Мітрапаліт Варшаўскі кардынал Казімір Ныч.
Сустрэча мясцовых беларусаў з высокім іерархам адбылася ў суботу 10 снежня ў парафіі святога Аляксандра ў Варшаве, дзе дзейнічае беларускае душпастырства.
Першым і галоўным пунктам сустрэчы стала святая Імша, якую кардынал Ныч цэлебраваў у інтэнцыі Беларусі.
Прысутныя далучыліся да малітвы за Бацькаўшчыну, дзякуючы за дзесяцігоддзі падтрымкі беларускага Касцёла, за святароў з польскіх дыяцэзій, якія на працягу доўгіх гадоў здзяйснялі душпастырскае служэнне ў розных кутках Беларусі.
У прамоўленай гаміліі кардынал Ныч падкрэсліў, што палякі і беларусы, як і прадстаўнікі ўсіх іншых народаў, належаць да аднаго і таго ж Паўсюднага Касцёла, заахвоціўшы прысутных адчуваць тут сябе добра, наколькі гэта магчыма.
На Літургіі прыстунічалі святары, якія служаць беларусам у Варшаве, сярод якіх былі ксёндз Яўген Вінтоў, душпастыр беларускіх грэка-католікаў у Варшаве айцец Лявонцій Тумоўскі, а таксама некалькі польскіх духоўных, якія раней служылі ў Беларусі: ксёндз Адам Урубель, ксёндз Гжэгаж Ксёнжэк і ксёндз Казімір Шока.
Пасля Эўхарыстыі адбыўся канцэрт «Нам засталася спадчына».
Перад сабранымі выступіў калектыў традыцыйных спеваў «Гаёўкі» са Школы беларускай традыцыйнай культуры ў Варшаве пад кіраўніцтвам Лізаветы Рэут, гурт Znak Stop, вядомы раней як дуэт Laudans, і мінскі хор Concordia пад кіраўніцтвам Галіны Казіміроўскай, які выконвае творы сучасных беларускіх кампазітараў.
На заканчэнне сустрэчы прысутныя сабраліся ў парафіяльным доме на дзяленне аплаткай і пачастунак.