Пошук

09.12.2022 08:12   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: Karol Porwich / Niedziela

Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, якая адзначаецца 8 снежня, у польскім санктуарыі Маці Божай Чэнстахоўскай на Яснай Гары — гэта дзень духоўнай лучнасці з Папам і малітвы за Касцёл.

На ўзор малітвы Святога Айца, якая ў гэты дзень адбываецца ў Рыме, перад фігурай Беззаганнай на плошчы ў Чэнстахове быў прачытаны акт даручэння Маці Божай, а ў даніну Марыі былі складзены белыя кветкі, як гэта робіць Папа на плошчы Іспаніі. Такім чынам вернікі выказваюць сваю любоў да Багародзіцы.

«Марыя, калі за нашымі межамі ідзе жорсткая вайна, дапамажы нам ратаваць сябе і свет ад кожнага насілля», — маліўся на Яснай Гары Мітрапаліт Чэнстахоўскі арцыбіскуп Вацлаў Дэпо падчас складання «даніны з кветак». У супольнай малітве ўзялі ўдзел сотні мясцовых жыхароў і пілігрымаў. Гэта звычай, які з’явіўся ў Чэнстахове ў 2009 годзе, калі была пасвячана новая фігура Беззаганнай на плошчы перад санктуарыем.

Пасля малітвы іерарх на вышцы пажарнай машыны быў узняты да ўсталяванай на калоне фігуры Маці Божай, да якой усклаў букет з белых ружаў. Па прыкладу арцыбіскупа таксама прысутныя вернікі ўсклалі да п’едэстала белыя кветкі.

Шмат людзей з розных куткоў Польшчы спецыяльна прыязджаюць у гэты дзень у Чэнстахову, каб праз удзел у «даніне з кветак» выказаць сваю любоў да Марыі і даверыць Ёй свае лёсы.

Ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі на Яснай Гары таксама адбываецца малітва за ненароджаных дзяцей.

У гэтай інтэнцыі арцыбіскуп Вацлаў Дэпо апоўдні цэлебраваў святую Імшу ў капліцы перад цудадзейным абразом Маці Божай Чэнстахоўскай. Адразу пасля Эўхарыстыі іерарх ударыў у звон «Голас ненароджаных», які ў трэці раз 8 снежня разнёсся з санктуарыя.

Абноўлена 09.12.2022 08:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.