Пошук

21.10.2022 13:13   Паводле: Dailystar.co.uk / Фота: Newsflash / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

13 кастрычніка ў катэдры Саламанкі (Іспанія) была выстаўлена вельмі рэалістычная фігура зраненага цела Езуса Хрыста, выкананая на падставе выявы з Турынскай плашчаніцы, дакладная копія якой у натуральную велічыню захоўвалася ў Мінску ў Чырвоным касцёле.

На сайце dailystar.co.uk, паведамляецца, што на целе, зробленым з сілікона і латэкса з натуральнымі чалавечымі валасамі, прадстаўлены ўсе раны на целе Езуса Хрыста, нанесеныя яму падчас катаванняў і бічавання, а таксама ўкрыжавання, якія былі выяўлены ў працэсе даследвання Турынскай плашчаніцы.

Лічыцца, што славутая Турынская плашчаніца, першыя згадкі пра якую адносяцца да 1354 года, магла быць пахавальнай палатнінай, у якую было захінута знятае з крыжа зраненае цела Хрыста. Каталіцкі Касцёл афіцыйна не выказваецца наконт аўтэнтычнасці плашчаніцы, якую называюць каштоўнай «іконай крыжовай мукі і ўваскрасення Збаўцы».

Фігура вышынёю 178 см і вагою 75 кг стала плёнам шматгадовага вывучэння Турынскай плашчаніцы іспанскімі спецыялістамі.

На вельмі рэалістычным целе можна ўбачыць не толькі рубцы ад бічавання, але таксама раны ад цярнёвай кароны на галаве і ад дзіды, якой, паводле Евангелля, адзін з жаўнераў прабіў бок Укрыжаванаму Хрысту.

Біскуп Саламанкскі Хасэ Луіс Рэтана Ганзала кажа, што вобраз з Турынскай плашчаніцы ўяўляе сабой «ўвасабленне Божай любові, што ўцелаўляецца ў Езусе Хрысце, які памірае як злачынца, прыносячы сябе ў страшную ахвяру дзеля нашага збаўлення.

Няма ў свеце любові, большай за гэтую», — сцвярджае іерарх.

Куратар выставы Алваро Бланка кажа, што яна прадстаўляе 15 гадоў вывучэння Турынскай плашчаніцы. «Ніхто не наважваўся зрабіць настолькі рэалістычнае цела, як гэтае. Мы наважыліся і спадзяемся, што выстава будзе мець поўны поспех», — падкрэсліў куратар. Арганізатары праекту, які называецца «Таямнічы Чалавек», адзначаюць, што «гэта падарожжа ў мастацтва, археалогію і навуку аб Турынскай плашчаніцы, што ўпершыню прадстаўлены на гэтай выставе».

Выстава да снежня будзе дзейнічаць у Саламанцы, пасля чаго адправіцца ў турнэ па свеце.

Абноўлена 21.10.2022 17:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця