Пошук

26.09.2022 10:31   Тэкст і фота: Аляксей Бука / Catholic.by

З нагоды надыходзячага ўспаміну святога Францішка, які адзначаецца ў Касцёле 4 кастрычніка, у культурным цэнтры айцоў францішканаў у Маскве прайшла душпастырская сустрэча беларусаў каталіцкага веравызнаваньня сталічнага рэгіёна Расіі.

Правёў сустрэчу айцец Пётр Карнялюк OFMConv, які з’яўляецца душпастырам беларускай дыяспары ў Маскве ў апошнія гады. Нягледзячы на вялікую занятасць, айцец Пётр заўсёды знаходзіць час для сваіх суайчыннікаў: гатовы выслухаць, паспавядаць, параіць нешта і дапагчы кожнаму ў любы час.

Перад сустрэчай душпастыр маскоўскіх католікаў-беларусаў цэлебраваў святую Імшу на роднай мове ў капліцы кляштара айцоў францішканаў. Набажэнсктва суправаджалася прыгожымі беларускімі рэлігійнымі спевамі імправізаванага беларускага хору. Спевы «Малюся за цябе, Беларусь», «Упаўшы на калені» ды іншыя гучалі перад іконай Маці Божай Будслаўскай.

Менавіта францішкане апякуюцца беларусамі-католікамі ў расійскай сталіцы, таму вернікі таксама будуць прымаць удзел у набажэнствах у гонар святога Францішка, якія неўзабаве пройдуць у катэдральным касцёле архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве.

3 кастрычніка ў катэдральным касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Маскве адбудзецца набажэнства Транзітус на ўспамін пераходу святога Францішка з жыцця зямнога ў хвалу вечную. 4 кастрычніка, ва ўспамін святога Францішка, будзе цэлебравацца ўрачыстая святая Імша.

Ужо амаль восем стагоддзяў францішкане прысутнічаюць у Расіі з часу з’яўлення тут першага прадстаўніка Ордэна італьянца Джаванні Плано Карпіні. Гісторыя гэтага Ордэна ў Расіі вельмі насычаная, складаная і адначасова малавядомая. На сённяшні дзень 17 братоў францішканаў нясуць духоўнае служэнне ў чатырох кляштарах і адным манаскім доме ў Расіі, а яшчэ адзін кляштар Кустодыі знаходзіцца ў сталіцы Казахстана. Працуюць яны ў парафіях Масквы, Санкт-Пецярбурга, Чарняхоўска, Калугі, Астрахані, Астаны. Створаны выдавецтва, інтэрнэт-крама, выдаюцца веснік і інтэрнэт-часопіс.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа