Пошук

14.09.2022 14:17   Паводле: Vatican News
Фота: euractiv.com

13 верасня пасля поўдня Папа Францішак прыляцеў у Казахстан, дзе возьме ўдзел у Сёмым кангрэсе лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, пасля прывітання Апостальскім нунцыем у Казахстане арцыбіскупам Фрэнсісам Чулікатам Святы Айцец праехаў у прыёмную залу аэрапорта, дзе яго чакаў прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў, прадстаўнікі ўладаў, а таксама каталіцкія біскупы, якія служаць у гэтай краіны: арцыбіскуп Томаш Пэта з Астаны, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Цэнтральнай Азіі біскуп Хасэ Луіс Мумб’ела С’ера з Алматы, а таксама айцец Васыль Гавэра, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Казахстане і Цэнтральнай Азіі. Дзеці ў традыцыйных строях уручылі Пантыфіку кветкі. У VIP-зале аэрапорта Папа правёў кароткую размову з кіраўніком дзяржавы.

Потым Святы Айцец скіраваўся ў Прэзідэнцкі палац у Нур-Султане, каб нанесці візіт ветлівасці прэзідэнту, а потым звярнуцца да прадстаўнікоў уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса ў канцэртнай зале «Казахстан». У скіраванай да іх прамове Папа Францішак падкрэсліў, што сёння свет мае тэрміновую патрэбу ў дыялогу, адзінстве і аднаўленні гармоніі.

Святы Айцец нагадаў словы свайго папярэдніка святога Яна Паўла ІІ, які казаў, што Казахстан з’яўляецца «зямлёй мучанікаў і вернікаў, зямлёй дэпартаваных і герояў, зямлёй мысляроў і мастакоў».

«Як не ўзгадаць, у прыватнасці, лагеры для зняволеных і масавыя дэпартацыі, прыгнёт столькіх народаў, сведкамі чаго сталі гарады і бязмежныя стэпы гэтых земляў?» — зазначыў Папа Францішак.

На яго думку, менавіта «памяць пра перажытыя пакуты і выпрабаванні з’яўляецца неабходным багажом, каб ісці насустрач будучыні, ставячы на першае месца годнасць чалавека, кожнага чалавека, і кожнай этнічнай, сацыяльнай і рэлігійнай групы».

Прывёўшы ў якасці прыкладу казахскі народны інструмент домбру, на якой іграюць, зашчыпваючы дзве струны, Святы Айцец дадаў, што «таксама і Казахстан характарызуе здольнасць рухацца наперад, ствараючы гармонію паміж „дзвюмя паралельнымі струнамі“: суровыя маразы зімой і спякотнае лета; традыцыя і прагрэс» <…>. Але, у першую чаргу, у гэтай краіне гучаць мелодыі двух душаў — азіяцкай і еўрапейскай», — заўважыў пастыр паўсюднага Касцёла.

Папа выступіў у падтрымку «разумнай свецкасці, якая прызнае каштоўную і незаменную ролю рэлігіі і супрацьстаіць экстрэмізму», «спрыяе развіццю пачуцця прыналежнасці да дзяржавы ў кожнага этнічнага, моўнага, культурнага і рэлігійнага кампанента».

Ён адзначыў, што «рэлігіям неабходна свабода слова, таму што яны адыгрываюць незаменную ролю ў пошуку Абсалюту і сведчанні аб Ім». Менавіта «рэлігійная свабода — лепшае асяроддзе для фармавання грамадзянскай супольнасці», — падкрэсліў Панітыфік.

Папа Францішак высока ацаніў адмену смяротнага пакарання ў Казахстане і назваў гэты крок «падкрэсліваннем каштоўнасці чалавечага жыцця ў імя права на надзею для кожнай чалавечай асобы».

Папа заклікаў «гарантаваць свабоду думкі, сумлення, слова, каб ва ўсіх была магчымасць адыгрываць у грамадстве ўнікальную ролю нароўні з іншымі».

Дзяржаўныя ўлады ў першую чаргу нясуць адказнасць за садзейнічанне агульнаму дабру, што выражаецца ў тым ліку і праз падтрымку дэмакратыі, якую Святы Айцец назваў «найбольш прыдатнай формай грамадскага ладу, дзе ўлада ажыццяўляецца ў служэнні на карысць усяго народа, а не толькі меншасці».

Папа з задавальненнем успрыняў працэс дэмакратызацыі, які цяпер рэалізуецца ў краіне, скіраваны на ўмацаванне кампетэнцый парламента і мясцовых уладаў, а ў цэлым — на большае размеркаванне ўлады. «Гэты цяжкі і, вядома, доўгі шлях, варты пахвалы. Яго трэба прайсці не азіраючыся назад. Давер да ўлады ўмацоўваецца, калі абяцанні рэалізуюцца без карыслівых намераў і эфектыўна выконваюцца», — адзначыў Свята Айцец.

«У любой краіне дэмакратыя і мадэрнізацыя не павінны абмяжоўвацца заклікамі, а злучацца з канкрэтным служэннем народу.

Добрая палітыка ў тым, каб слухаць людзей, адказваць на іх законныя патрабаванні, пастаянна прыцягваць да яе грамадзянскую супольнасць, няўрадавыя і гуманітарныя арганізацыі, звяртаць асаблівую ўвагу на працоўных, моладзь, найбольш бедныя групы насельніцтва, а таксама — і кожная дзяржава ў свеце мае патрэбу ў гэтым — змагацца з карупцыяй.

Такі па-сапраўднаму дэмакратычны палітычны падыход — найбольш эфектыўны адказ на магчымы экстрэмізм, персаналізм і папулізм, якія пагражаюць стабільнасці і дабрабыту народаў», — звярнуўся Пантыфік да прадстаўнікоў рэлігійных і грамадзянскіх уладаў, грамадскіх і культурных арганізацый Казахстана.

Папа Францішак перакананы, што сёння ўзнікае ўсё большая і большая «неабходнасць дыпламатычных намаганняў для садзейнічання дыялогу і сустрэчы»; асабліва гэта тычыцца краін, якія з прычыны няўмення вырашаць праблемы без канфлікту перажываюць крызіс. Пантыфік лічыць, што свету патрэбныя лідары, «якія на міжнародным узроўні маглі б садзейнічаць узаемаразуменню і дыялогу паміж народамі і адрадзіць „хельсінкскі дух“, імкненне ўмацоўваць шматбаковасць, будаваць больш стабільны і спакойны свет, клапоцячыся аб новых пакаленнях». А для гэтага неабходны «разуменне, цярплівасць і дыялог з усімі».

«Найвышэйшы Бог няхай благаславіць пакліканне Казахстана — краіны сустрэчы — да міру і адзінства. <…> Няхай Бог благаславіць Казахстан!», — такім малітоўным заклікам завяршыў сваю прамову да мясцовых уладаў і замежных дыпламатаў Папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця