Пошук

13.07.2022 17:15   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: combonimissionaries.co.uk

Каталіцкія святары Нігерыі распачалі тыдзень малітвы і посту ў інтэнцыі выпраўлення сітуацыі з бяспекай у іх краіне. Пакуль яна штодзённа пагаршаецца: пры бяздзеянні мясцовых уладаў ісламісцкія тэрарыстычныя групоўкі умацоўваюць свой уплыў.

З пачатку бягучага года ў гэтай афрыканскай краіне былі выкрадзены прынамсі 18 святароў, пяцёра з іх — у першы тыдзень ліпеня. Трое з іх былі забітыя.

Як паведаміла 13 ліпеня Польская рэдакцыя парталу Vatican News, у сувязі з гэтай драматычнай сітуацыяй нігерыйскія біскупы выдалі паведамленне, у якім заўважаюць, што ўрад падманвае грамадзянаў, не выконваючы свайго галоўнага абавязку, якім з’яўляецца іх абарона.

«Усяму народу ўжо зразумела, што дзяржава развальваецца на нашых вачах. Найбольш сумным сведчаннем гэтага з’яўляецца факт, што касцёлы рэгулярна рабуюць і падпальваюць, а хрысціянаў выкрадаюць і забіваюць. Святары, якія здзяйсняюць сваё звычайнае служэнне, сталі ў Нігерыі галоўнай мішэнню», — гаворыцца ў паведамленні епіскапату краіны.

Эпіцэнтрам насілля супраць хрысціянаў стаў штат Борна, дзе дзейнічае групоўка Бока Харам — самая вялікая тэрарыстычная арганізацыя ў рэгіёне, сумежным з Чадам і Нігерам. Толькі там ад рук джыхадыстаў на працягу апошніх дзесяці гадоў загінула больш за 35 тыс. чалавек.

Разам з тым менавіта ў дыяцэзіі, у склад якой уваходзіць штат Борна, нядаўна быў пасвячаны першы пасля 56-і гадоў дапаможны біскуп. Ва ўрачыстасці бралі ўдзел нігерыйскія біскупы і каля дзвюх соцень святароў. «Гэта выразны знак для нашых забойцаў, што мы не дамо сябе запалохаць», — напісалі іерархі.

Хрысціяне ў Нігерыі церпяць ад ісламскага экстрэмізму, этнічна-рэлігійнай варожасці, дыктатуры, а таксама арганізаванай злачыннасці і карупцыі.

Большасць актаў насілля супраць грамадзянскага насельніцтва, асабліва хрысціянаў, здараецца на поўначы і з’яўляецца справай рук розных ісламісцкіх груповак і ўзброеных банд, якія забіваюць, здзекуюцца, гвалцяць, рабуюць і знішчаюць палі.

За апошнія гады значна вырасла колькасць выкраданняў людзей дзеля выкупу. Хрысціянаў сілай пазбаўляюць зямлі і сродкаў для існавання. Многія вымушана становяцца ўнутранымі перасяленцамі або бежанцамі. Хрысціяне ў паўночнай Нігерыі, асабліва ў штатах, дзе дзейнічаюць законы шарыяту, сутыкаюцца з дыскрымінацыяй і выключэннем з супольнасці як грамадзяне другой катэгорыі. Хрысціяне, навернутыя з ісламу, акрамя таго церпяць ад непрымання з боку блізкіх, ад ціску, каб пакінулі хрысціянства, а таксама нярэдка ад фізічнага насілля. У апошні час насілле павялічылася і распаўсюдзілася на паўднёвыя штаты, што ўмацоўвае пачуццё неабароненасці і беспакаранасці злачынцаў.

Абноўлена 13.07.2022 17:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця