Былы прэфект Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў гвінейскі кардынал Рабэр Сара наведаў французскую дыяцэзію Нансі, дзе звярнуў увагу на неабходнасць клапаціцца пра сем’і, каб пераадолець крызіс пакліканняў.
Як паведаміла 27 красавіка Польская рэдакцыя парталу Vatican News, на думку іерарха, не можа быць новых пакліканняў, калі хрысціянскія сем’і не маюць дзяцей і не ствараюць умоў, у якіх маладыя людзі маглі б пачуць голас Пана, калі не вучаць іх маліцца. У Францыі, як і ў многіх іншых краінах, у тым ліку ў Беларусі, цяпер назіраецца заўважны спад пакліканняў да святарства.
На думку кардынала, важна, каб у гэтай крызіснай сітуацыі святары ўстрымаліся ад актывізму, але клапаціліся перадусім пра жывыя адносіны з Богам.
«Каб рабіць дабро, неабходна чэрпаць з Таго, хто ёсць крыніцай усялякага дабра, бо інакш мы хутка сябе вычарпаем», — кажа былы прэфект ватыканскай кангрэгацыі.
«Многія святары лічаць, што трэба рабіць шмат розных рэчаў: трэба заахвочваць, падтрымліваць, пастаянна рухацца. А я лічу, што ў нашым жыцці не хапае месца для малітвы, гэта значыць для Пана Бога. Гэтаму спрыяюць абставіны. Бо нас замала, бо ў нас зашмат парафій, якія трэба абслугоўваць. Усё гэта штурхае нас у актывізм.
А між тым святар не столькі для таго, каб штосьці рабіць, а каб быць святаром, быць, як Хрыстус, быць Хрыстом. Мы павінны быць не толькі другім Хрыстом, а самім Хрыстом.
І гэтага дастаткова, бо тады людзі сапраўды да нас прыходзяць. Таму што мы прасякнуты прысутнасцю Бога, з нас бруіць Яго прысутнасць. Калі святар моліцца, то людзі ведаюць, што ён сустрэў Пана; яны гэта бачаць. І таму яны горнуцца да яго, каб прасіць у яго парады, духоўнага кіраўніцтва. Бо людзям патрэбна гэта, а не толькі матэрыяльныя рэчы. Між тым нам пагражае забыцца пра тое, што найбольш важнае, пра Пана Бога», — сказаў кардынал Рабэр Сара.