Пошук

07.04.2022 15:03   Catholic.by
Фота: CNS / Chaz Muth

10 красавіка, у Пальмовую нядзелю, арцыбіскуп Манільскі кардынал Хасэ Фуэртэ Адвінкула благаславіць фігуру «бяздомнага Езуса», усталяваную побач з катэдральным касцёлам у філіпінскай сталіцы.

На партале Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Філіпінаў cbcpnews.net іерарх выказаў надзею на тое, што гэтая бронзавая выява «натхніць на разважанне і размову пра тое, як мы клапоцімся пра бедных і бяздомных у супольнасці».

«Няхай гэтая фігура стане не толькі месцам для наведвання ці фотаздымкаў, але прастораю, якая паглыбіць нашыя малітвы, наверне і пераменіць нашыя сэрцы», — адзначыў кардынал Адвінкула.

Аўтарам фігуры з’яўляецца канадскі скульптар Тымаці Шмальц, большасць прац якога прысвечана сакральнай тэматыцы. Фігура ўяўляе сабою постаць бяздомнага, што ляжць на лаўцы, шчыльна захутаны ў плашч, з-пад якога відаць толькі босыя ногі з ранамі ад цвікоў.

Пасланне твора звязана са словамі Езуса з Евангелля паводле Мацвея: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40).

Падобная фігура з 2016 года знаходзіцца ў Ватыкане перад сядзібай Папскага элемазінарыя — прэлата, адказнага за дабрачыннасць. Рэплікі фігуры ўсталяваныя ў розных краінах свету. Іх можна ўбачыць у Буэнас-Айрэсе, Нью-Ёрку, Мадрыдзе, Мельбурне, Сінгапуры, Дамініканскай Рэспубліцы, Варшаве і іншых месцах.

Па некаторых ацэнках, у гарадской агламерацыі Манілы, якая налічвае каля 13 млн жыхароў, каля 3,5 млн не маюць даху над галавою.

Як лічаць спецыялісты, іх колькасць вырасла падчас пандэміі каранавірусу. Па меркаванні экспертаў, сталіца Філіпінаў — адзін з мегаполісаў з найбольшай колькасцю бяздомных.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.