Пошук

05.04.2022 16:03   Тэкст і фота: Яна Чайко / Catholic.by

У суботу 2 красавіка ў супольнасці беларускіх католікаў Варшавы (Польшча) прайшоў дзень засяроджання.

Яго правёў для суайчыннікаў у варшаўскай парафіі святога Аляксандра ксёндз Яўген Вінтоў.

Такія духоўныя практыкаванні падчас Вялікага посту сталі ўжо добрай традыцыяй у супольнасці католікаў беларусаў у польскай сталіцы.

У цэнтры ўвагі падчас сёлетняй сустрэчы была Святая Сям’я.

У прамоўленых канферэнцыях святар засяродзіўся на важнасці сям’і як хатняга Касцёла, прывёўшы нямала прыкладаў з жыцця святых. Яшчэ адной важнай тэмай дня засяроджання стала надзея: як у штодзённым жыцці, так і на жыццё вечнае.

Разважанням спадарожнічала малітва. У праграме дня былі набажэнства Крыжовага шляху, Вяночак да Божай Міласэрнасці, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і інтэграцыйная сустрэча.

Акрамя таго, удзельнікі мелі магчымасць сустрэчы з Міласэрным Айцом у сакрамэнце паяднання і асабістай размовы са святаром. Завяршылася сустрэча святой Імшой.

Як адзначаюць удзельнікі, дзень засяроджання стаў для іх добрай нагодай для таго, каб суцішыцца, задумацца над сваім жыццём і паслухаць Таго, хто прамаўляе ў цішыні сэрца.

Абноўлена 05.04.2022 16:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.