Пошук

28.03.2022 12:58   Catholic.by

Увечары 25 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў касцёле Маці Божай Люрдскай у Санкт-Пецярбургу, дзе таксама далучыўся да Чыну прысвячэння Расіі і Украіны Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

Заслужаны іерарх, які стаяў ля вытокаў адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Расіі пасля перыяду савецкіх ганенняў на веру, больш як чвэрць стагоддзя таму ў гэтай святыні ўжо здзейсніў падобнае прысвячэнне, якое цяпер зноў адбылося па ініцыятыве Папы Францішка і ў еднасці з паўсюдным Касцёлам ва ўсім свеце.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч узгадаў пра значэнне пецярбуржскага касцёла Маці Божай Люрдскай у яго асабістым жыцці, бо ў яго студэнцкія гады, якія прайшлі ў горадзе на Няве, гэта была адзіная дзеючая тут каталіцкая святыня. Дзякуючы ёй будучаму іеараху ўдалося захаваць веру ў складаныя часы атэізму ў горадзе трох рэвалюцый.

«На пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя з гэтага касцёла распачаўся працэс адраджэння Касцёла ў Санкт-Пецярбургу і на паўночным захадзе Расіі. Гэты касцёл доўгі час адыгрываў ролю імправізаванай Курыі Паўночна-Заходняга рёгіёна Расіі, дзе біскуп сустракаўся са святарамі, кансэкраванымі асобамі і вернікамі. Тут пісаліся дэкрэты і іншыя дакументы.

У гэтым касцёле я здзейсніў прысвячэнне Расіі Беззаганаму Сэрцу Марыі падчас пілігрымкі фацімскай фігуры Божай Маці, якая адбывалася ў 1996–1997 гадах», — сказаў арцыпастыр, дадаўшы, што праз чвэрць стагоддзя Божы Провід так распарадзіўся, што менавіта ў гэтым касцёле ён далучаецца да Чыну прысвячэння Расіі і Украіны Беззаганнаму Сэрцу Марыі ў лучнасці з Папам Францішкам і біскупамі ўсяго свету.

Арцыбіскуп Кандрусевіч распавёў вернікам аб трох сваіх сустрэчах з фацімскай візіянеркай сястрой Лусіяй, падчас якіх яна падкрэсліла значэнне прысвячэння святым Янам Паўлам ІІ свету і Расіі Беззаганнаму Сэрцу Марыі ў 1984 годзе і зменам, якія насталі пасля гэтага, асабліва ў галіне свабоды веравызнання.

Заслужаны іерарх падкрэсліў, што ў святле трагедыі, якая адбываецца на вачах усяго свету ва Украіне, прысвячэнне Расіі і Украіны Беззаганнаму Сэрцу Марыі мае вялікае значэнне.

«Пасланне Марыі з 1917 года можна змясціць у наступных словах: „Калі будзеце навяртацца і маліцца, то ўсё будзе добра. Калі ж не, то свет чакае страшная бяда“. Чалавецтва не паслухалася Марыі, і бяда прыйшла. Гэта Другая сусветная вайну з яе шматмільённымі ахвярамі. Гэта таксама тры пакаленні ганенняў на веру. Сёння недапушчальна наступаць другі раз на тыя самыя граблі!» — асцярог арцыпастыр.

Ён заклікаў вернікаў духоўна ўключыцца ў Чын прысвячэння Расіі і Украіны Беззаганнаму Сэрцу Марыі ў еднасці з Папам, біскупамі і вернікамі ўсяго свету. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч таксама заахвоціў усіх людзей добрай волі да няспыннай малітвы ў інтэнцыі міру ва Украіне.

Абноўлена 28.03.2022 13:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця