Пошук

01.03.2022 15:53   Catholic.by
Апостальскі нунцый Вісвальдас Кульбокас. Фота: nunciaturekyiv.org

У перапынках паміж бамбардаваннямі Кіева Апостальскі нунцый ва Украіне арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас распавёў пра праявы салідарнасці ў горадзе, які жыве ва ўмовах вайны.

1 сакавіка Украінская рэдакцыя парталу Vatican News апублікавала тэкст размовы з прадстаўніком Папы Францішка ва Украіне.

Усярэдзіне нунцыятуры ён перамяшчаецца з заплечнікам на плячах, «бо ніколі не ведаеш, дзе апынешся праз некалькі секунд…». Як і большасць украінцаў, нунцый Кульбокас можа выйсці на сувязь тады, калі снарады і ракеты даюць перапынак: «Сёння раніцай адносны спакой; нам паведамілі, што можна выйсці і паглядзець, ці ёсць якая адчыненая крама».

Гэта — прыкметы штодзённай няўпэўненасці людзей, якія страцілі свае распарадкі і звычкі, стаўшы бежанцамі ва ўласным доме.

Але ў той час, калі народ стараецца выжыць, спадзеючыся таксама на перагаворы, якія распачаліся на беларускім памежжы, у сэрцы Апостальскага нунцыя ва Украіне вайна пакінула таксама праменьчык чалавечнасці, здольнасці да салідарнасці, што перавышае любыя чаканні.

— Ваша Эксцэленцыя, на працягу пяці дзён Украіна жыве ў стане вайны. Як рэагуе насельніцтва?

— З аднаго боку, становішча вельмі трагічнае: таксама і я цяпер, калі пераходжу з аднаго памяшкання ў іншае ўсярэдзіне нунцыятуры, заўсёды нашу з сабою заплечнік, дзе маю ўсё неабходнае, бо ніколі не ведаеш, дзе апынешся праз некалькі секунд… Але мушу сказаць, што гэтая сітуацыя прывяла да наступстваў, якія б я назваў прыгожымі. Тут, у Кіеве, шмат салідарнасці на парафіяльным узроўні, — я больш ведаю пра каталіцкую супольнасць, грэка-каталіцкую і рыма-каталіцкую, — але ўчора мы таксама мелі размову з прэс-сакратаром Украінскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату, якая суправаджалася праяваю салідарнасці з людзьмі, з краінай. Мы таксама кантактавалі з асістэнтам муфція Украіны, і нам сказалі: «Калі вам штосьці патрэбна, то тут, у мячэці, мы сабралі правіянт, арганізавалі сховішча…».

Такім чынам, ёсць вялікая салідарнасць на міжканфесійным, міжрэлігійным узроўні, да якой дадаецца таксама вялізная салідарнасць на сусветным узроўні: прынамсі з боку вялікай часткі свету я бачу вялікую ўвагу, збіраецца шмат дапамогі. І перадусім — сэрцы: сэрцы, якія побач з намі.

— Значыць, не толькі страх і бездапаможнасць…

— Як веруючы чалавек, я гэта разглядаю ў вельмі важным для мяне ключы: у той час, калі мы размаўляем, працягваюцца перагаворы паміж украінцамі і расіянамі на памежжы паміж Украінай і Беларуссю, але палітычны дыялог заўсёды прасоўваецца цяжка, бо ў гульню ўступаюць розныя інтарэсы. Я, у сваю чаргу, маю іншае ўспрыманне таго, што бачу.

Мне прыходзіць на думку, што калі б я быў Богам і ўбачыў вялізную салідарнасць паміж чалавечымі істотамі, як яны дапамагаюць адно аднаму, падтрымліваюць, адкрываюць сэрца, наогул праяўляюць любоў і блізкасць, то сказаў бы: «Як жа цудоўна бачыць людзей, што сталі братамі і сёстрамі!» А выснова была б наступнай: досыць, выпрабаванне пройдзена, выклік трагедыі пераадоолены, не трэба больш вайны! Вось вам мір як дар.

Таксама і сярод вялікага зла вайны ёсць плён навяртання чалавецтва. Ёсць адчуванне, што гэтае братэрства неймаверна вырасла на працягу толькі некалькіх дзён.

Я размаўляў пра гэта з сёстрамі з нунцыятуры, мы падзяляем гэта вельмі аптымістычнае прачытанне таго, што адбываецца.

— Што адбывалася на працягу гэтых апошніх гадзін?

— Сёння асаблівы дзень, бо войскі перагрупоўваюцца. Прынамсі, у першай палове дня быў адносны спакой. Мы таксама атрымалі паведамленне ад уладаў, што, калі нешта патрэбна, то можна выйсці, паглядзець, ці ёсць нейкая адчыненая крама, і хтосьці з нунцыятуры выйшаў, каб паглядзець, ці магчыма папоўніць нейкія запасы. Мы можам крыху перадыхнуць, але не ведаем, што будзе адбывацца на працягу наступных гадзін.

Без сумневу, на чалавечым узроўні трагедыя вельмі вялікая.

Абноўлена 08.03.2022 15:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.