У нядзелю 20 лютага касцёл святога Мікалая ў Кіеве быў нанава благаслаўлёны пасля пажару, што адбыўся тут у верасні.
Цэлебрацыю святой Імшы ў прыбранай і добраўпарадкаванай для малітвы святыні ўзначаліў біскуп Кіева-Жытомірскі Віталій Крывіцкі SDB.
Як паведамляецца на партале Каталіцкага медыя-цэнтру Канферэнцыі рыма-каталіцкіх біскупаў ва Украіне kmc.media, на працягу тыдня парафіяльная супольнасць касцёла святога Мікалая ў Кіеве рыхтавалася да знамянальнай падзеі.
Нарэшце ў цэнтры прэзбітэрыя быў усталяваны табэрнакулюм, як гэта было з самага пачатку, з 1909 года.
Нядзельная Эўхарыстыя ў адноўленай святыні распачалася з абраду благаслаўлення касцёла.
«Гэта не пасвячэнне, а благаслаўленне месца, дзе мы цяпер будзем пастаянна маліцца», — падкрэсліў біскуп Крывіцкі.
У прамоўленай гаміліі пастыр Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі засяродзіўся на ўрыўку з нядзельнага Евангелля, у якім Езус кажа пра ўмовы таго, каб называцца Божымі дзецьмі: любоў да ворагаў, міласэрнасць і прабачэнне. Паводле ўкраінскага іерарха, не раз чутыя вернікамі словы пра любоў да ворагаў у цяперашняй сітуацыі гучаць вельмі вымоўна.
«Пра рэакцыю „зямных“ людзей мы ведаем, а пра рэакцыю Божых людзей мы чуем з вуснаў Хрыста», — заўважыў біскуп.
Ён дадаў, што гатычныя святыні дзякуючы сваёй архітэктуры, нібы палец, паказваюць на неба.
«Сёння касцёл святога Мікалая з-за пажару і аднаўленчых прац з выгляду стаў меншым, аднак гэта не азначае, што мы забудземся пра яго прызначэнне — паказываць на неба. Само гэтае месца, наша святыня, дапамагаюць нам інакш глядзець на жыццё; тут мы перажываем перамену, каб жыць у адпаведнасці з Хрыстовым вучэннем», — падкрэсліў біскуп Віталій Крывіцкі.
На заканчэнне святой Імшы пробашч парафіі ксёндз Паўло Вышкоўскі ОМІ падзякаваў парафіянам і ўсім тым, хто прычыніўся да прыбірання святыні і добраўпарадкавання месца для малітвы. Ён таксама паведаміў пра змены ў парафільням раскладзе, якія адбываюцца ў сувязі з перадачай святыні вернікам, што павінна адбыцца праз тры месяцы.
Цяпер ва ўсе дні, акрамя панядзелка, у кіеўскім касцёле святога Мікалая будзе цэлебравацца святая Імша таксама ўвечары. Акрамя таго, перад ранішняй і пасля вечаровай святой Імшы ў святыні будзе адбывацца выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і малітва за мір ва Украіне.