Пошук

12.01.2022 16:48   Паводле: Vatican News
Біскуп Хасэ Луіс Мумб’ела С’ера. Фота: ksors.kz

Католікі Казахстана ўдзячныя Папу Францішку за падтрымку і малітву. На гэта звярнуў увагу кіраўнік мясцовага епіскапату біскуп Хасэ Луіс Мумб’ела С’ера, адначасова просячы вернікаў маліцца аб адкрыцці новых гарызонтаў міру ў краіне.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец нагадаў свету аб крызісе ў Казахстане падчас нядзельнай сустрэчы на малітве «Анёл Панскі». Ён маліўся, каб «праз пошук дыялогу, справядлівасці і агульнага дабра як мага хутчэй была знойдзена грамадская гармонія» ў гэтай вялікай краіне на мяжы Еўропы і Азіі.

Між тым сітуацыя ў Казахстане па-ранейшаму напружаная пасля таго, як прынамсі 160 чалавек былі забітыя ў вулічных акцыях пратэсту і больш за 8 тысяч арыштаваныя.

«Мы заахвочваем да дыялогу і прымірэння. Насілле ніколі не прыносіць нічога добрага», — сказаў біскуп Хасэ Луіс Мумб’ела С’ера, кіраўнік каталіцкага епіскапату краіны, пастыр дыяцэзіі Найсвяцейшай Тройцы ў Алматы. Менавіта гэты казахстанскі горад найбольш пацярпеў ад насілля.

«Ад усяго сэрца дзякую Папу за словы падтрымкі. Усведамленне таго, што мы не самотныя, што ён памятае пра нас і расказвае свету аб нашай сітуацыі, вельмі важна для нас, тым больш, што мы практычна адрэзаныя ад інтэрнэту і пазбаўленыя магчымасці камунікацыі», — сказаў іерарх у інтэрв’ю Vatican News.

Кіраўнік каталіцкага епіскапату Казахстана назваў сітуацыю складанай.

«У народзе ёсць воля да дыялогу і жаданне пераменаў. Мы молімся, каб перамены на карысць казахстанцаў адбываліся ў атмасферы згоды і міру, без выкарыстання сілы і гвалту. Мы жадаем новых гарызонтаў міру для нашай Радзімы і яе жыхароў. Усю надзею мы ўскладаем на Бога і на апякунку Казахстана, Маці Божую з Азёрнага, Каралеву супакою», — адзначыў біскуп Мумб’ела С’ера.

Абноўлена 12.01.2022 16:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.