Пошук

22.05.2017 09:43  

У ноч з 27 на 28 мая ў святынях гістарычнага цэнтра італьянскай сталіцы пройдзе Святая ноч. Мэта акцыі — адраджэнне любові да патрабуючых і адкінутых, гатоўнасць быць гасціннымі для іх.

Падобная падзея ладзіцца ўпершыню. Арганізатарамі акцыі выступаюць памесная дыяцэзія і Рымскае бюро пілігрыма.

У вігілію ўрачыстасці Унебаўшэсця Пана для наведвальнікаў адкрые свае дзверы базыліка Сан Джавані Батыста дэль Ф’ёрэнціні, дзе пройдзе начное чуванне.

Як адзначыў адзін з кіраўнікоў Рымскага бюро пілігрыма кс. прэлат Ліберыё Андрэата, «ноч — гэта асаблівы момант, калі няма ніякіх знешніх перашкодаў для яднання з Духам». «Велічныя і старадаўнія святыні з’яўляюцца часткай гісторыі хрысціянскай супольнасці Рыма, і Святая ноч, якая пройдзе ў іх мурах, стане цудоўным і цікавым часам не толькі для хрысціянаў, але і для ўсіх веруючых Рыма, пілігрымаў, турыстаў і гасцей Вечнага горада. Праз музыку, спеў, малітву і цішыню яны змогуць наблізіцца да святога і больш сардэчна паглядзець на цярпенні патрабуючых», — дадаў святар.

У праграме рымскай Святой ночы, між іншым, канцэрт маэстра Анджэла Брандуардзі (базыліка Сан Джавані Батыста дэль Ф’ёрэнціні); канцэрт «Altissima luce. Картонскі лаўдарый» з удзелам італьянскага музыканта Паола Фрэзу (касцёл св. Ігнацыя Лаёлы); святая араторыя «Рай», натхнёная жыццём св. Філіпа Нэры (выканае хор дыяцэзіі Рыма пад кіраўніцтвам кс. прэлата Марка Фрызіны». А палове трэцяй ночы ў палацы Старога Вікарыята італьянскі акцёр Себасцьяна Сомма прачытае фрагменты апостальскай адгартацыі папы Францішка Evangelii Gaudium («Радасць Евангелля»).

Святая ноч у Вечным горадзе будзе насычана таксама разважаннем, сузіраннем і малітвай. У касцёле Стыгматаў пройдзе адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Завершыцца Святая ноч у рымскім касцёле Найсвяцейшага Імя Езуса святой Імшой ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана, якую ўзначаліць біскуп Джанрыка Руцца.

Паводле Радио Ватикана
(VGr)

Абноўлена 21.08.2017 13:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа