Пошук

15.10.2021 11:09   Паводле: КАІ / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: AFP

Кіраўніцтва санктуарыя Маці Божай Ружанцовай у Фаціме запрасіла Папу Францішка наведаць гэтае папулярнае сярод пілігрымаў месца Марыйнага культу падчас цэнтральных урачыстасцяў Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць у Партугаліі ў 2023 годзе.

Пра гэта са спасылкай на рэктара фацімскага санктуарыя ксяндза Карласа Кабэсіньяса паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ. Святар дадаў, што ўжо неўзабаве распачнецца падрыхтоўка да гэтага «вялізнага свята».

«Мы маем яшчэ два гады для таго, каб падрыхтаваць Фаціму прыняць у госці Святога Айца», — заўважыў рэктар санктуарыя, выказаўшы надзею на тое, што ў бліжэйшым часе пандэмія Covid-19 адступіць.

Магчымы прыезд Пантыфіка ў гэты горад стане ў бліжэйшы час таксама выклікам для мясцовай дыяцэзіі. Яе пастыр кардынал Антонію Марту сцвердзіў, што калі Папа Францішак прыме запрашэнне наведаць Фаціму ў жніўні 2023 года, гэта можа прыцягнуць сюды вялікую колькасць маладых пілігрымаў.

Цэнтральныя мерапрыемствы 38-х Сусветных дзён моладзі пройдуць у Лісабоне з 1 па 6 жніўня 2023 года. Частку іх удзельнікаў плануецца размясціць на пражыванне па-за сталічнай агламерацыяй, у тым ліку ў Фаціме. Паводле папярэдніх ацэнак, у гэтай падзеі могуць узяць удзел каля трох млн. маладых католікаў з усяго свету.

Абноўлена 15.10.2021 11:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа