Пошук

02.08.2021 13:02   Паводле: Vatican News
А. Марко Іван Рупнік SI з іконай X Сусветнай сустрэчы сем’яў. Фота: hkm.hr

29 ліпеня была прадстаўлена ікона X Сусветнай сустрэчы сем’яў, запланаванай на 22–26 чэрвеня 2022 года ў Рыме.

Як адзначае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, на іконе аўтарства айца Марко Івана Рупніка SI, мастака і тэолага славенскага паходжання, адлюстравана падзея цудоўнага ператварэння вады ў віно, што Езус здзейсніў па просьбе сваёй Маці на вяселлі ў Кане Галілейскай. «Гэта вялікая таямніца» — так называецца кампазіцыя, якая адсылае да словаў святога Паўла з Паслання да Эфесцаў, дзе, пішучы пра сужэнства, Апостал параўноўвае адносіны паміж мужам і жонкай да адносін паміж Хрыстом і Касцёлам — Яго Абранніцай.

Злева на іконе, выкананай у цёплых танах, — сямейная пара, схаваная за заслонай. Слуга, які разлівае віно, мае твар з рысамі святога Паўла. Ён адкрывае заслону рукой і, маючы на ўвазе пару, кажа: «Гэта вялікая таямніца, і я кажу пра Хрыста і Касцёл».

«У Кане, — патлумачыў айцец Рупнік, — ператварэнне вады ў віно адкрывае гарызонты сакрамэнту: пераходу ад віна да крыві Хрыста». Насамрэч, на выяве святы Павел вылівае кроў, якую нявеста збірае ў кубак. «Я спадзяюся, — сказаў іканапісец, — што гэты маленькі вобраз дапаможа нам зразумець, што для нас, хрысціянаў, сям’я з’яўляецца выразам Сакрамэнту», і гэта цалкам змяняе яе сэнс, бо «сакрамэнт заўсёды ўключае ў сябе ператварэнне».

Абноўлена 02.08.2021 13:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.