Пошук

23.06.2021 11:10   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

Ілюстрацыйная выява: MoreBranches

На пачатку чэрвеня ў Польшчы праходзіў Нацыянальны анлайн-кангрэс «Адукацыя працягваецца вечна», удзельнікі якога звярнулі ўвагу на феномен масавага адыходу моладзі з Касцёла.

На гэта звярнуў увагу шматгадовы выкладчык і былы дэкан факультэту тэалогіі ва ўніверсітэце Мікалая Каперніка ў Торуні, а таксама выкладчык Вышэйшай духоўнай семінарыі ва Улацлаўку ксёндз прафесар Ежы Багровіч, словы якога перадае Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ.

Святар адзначыў, што феномен усё большага сыходу моладзі з Касцёла — гэта факт сённяшняга дня.

«Пяцьдзясят гадоў таму мы назіралі гэтую небяспечную з’яву ў Касцёлах Заходняй Еўропы. Мы суцяшалі сябе тым, што ў Польшчы ў другой палове дваццатага стагоддзя маладыя людзі наведвалі катэхізацыю і прымалі ўдзел у нядзельнай Імшы і сакраментальным жыцці. Мы нават казалі аб нашай сітуацыі з пачуццём перавагі, калі размаўлялі са святарамі з краін, ахопленых працэсамі секулярызацыі і спажывецкага погляду на жыццё», — сказаў прафесар Багровіч.

Дакладчык нагадаў сітуацыю 1980-х гадоў: энтузіязм «Салідарнасці», касцёлы, поўныя людзей, якія знаходзілі ў мурах святынь прастору для вольнага слова і духоўнай падтрымкі ў цяжкі час барацьбы з таталітарнай сістэмай і ілжывасцю ўсюдыіснай прапаганды. Ён нагадаў пра візіт гасцей з Германіі, якіх вельмі цікавіла стаўленне Касцёла да маладых людзей у той час, калі ў іх ужо ішоў працэс сыходу моладзі.

«Менавіта тады на Захадзе можна было пачуць папулярны выраз: „Хрыстус — так, Касцёл — не“», — заўважыў прафесар. У якасці супрацьлеглага прыклада заходнім працэсам секулярызацыі ён распавёў пра парафію Святой Ганны ў Пясэчне, якую ён добра ведаў у той час, дзе рэлігійная жыццё было вельмі насычаным, развіваліся шматлікія супольнасці, такія як Неакатэхуменальный шлях, а нядзельныя Імшы давалі незвычайны вопыт Касцёла як супольнасці веры і малітвы. Вельмі ўражвалі натоўпы бацькоў і дзяцей, і паасобна маладых людзей на Імшах, прызначаных для іх.

«Госці з Захаду былі ўзрушаныя: яны даўно не бачылі нічога падобнага, — узгадаў святар. — Тады яны сказалі мне вельмі важную рэч: калі аднойчы да вас прыйдзе свабода, а разам з ёй і дэмакратыя з яе лібералізацыяй і секулярызацыяй жыцця і росквіту, то з гэтага велізарнага натоўпу маладых людзей застануцца толькі тыя, каго вам удалося ўцягнуць у нешта канкрэтнае; тыя, хто цяпер узяў на сябе нейкую адказнасць у жыцці гэтай парафіі. Астатнія сыдуць, і будзе вельмі цяжка запрасіць іх назад. Я ведаю, што цяпер мы перажываем падобную сітуацыю», — сцвердзіў ксёндз Ежы Багровіч, хоць, па яго прызнанні, тады ён быў згодны з гэтай высновай, але ў той час не думаў, што падобная сітуацыя стане рэальнасцю.

На яго думку, драматычная сітуацыя з верай і прысутнасцю маладых людзей у Касцёле не знайшла дастатковага адлюстравання ў працы другога пленарнага Сіноду Касцёла ў Польшчы, які праходзіў у 1991–1999 гадах.

На думку святара і навукоўца, ён мае права казаць пра гэта, таму што ён быў адзіным прадстаўніком дыяцэзіяльнага духавенства ў галоўнай радзе Сіноду. «З 14-і параграфаў выніковага дакумента ніводзін не быў прысвечаны непасрэдна пытанням веры і рэлігійнасці моладзі, яе месцу ў Касцёле, — працягнуў дакладчык. —

Існавала пэўная паліткарэктнасць, згодна з якой усе крытычныя галасы былі непатрэбнымі скаргамі. Пераважным духам была самазадаволенасць і пахвальба працай Касцёла ў гэтай галіне».

Ён адзначыў, што хоць на Сінодзе і быў дзень, прысвечаны моладзі, «я не пачуў галасоў тых, хто мог бы сказаць: „я сыходжу, таму што…“. Хутчэй, я чуў галасы тых, хто атаясамлівае сябе з Касцёлам. Я далёкі ад думкі, што вынікі Сіноду нікога не хвалявалі і што ў Касцёле ў Польшчы нічога не адбылося ў гэтым пытанні», — сказаў святар. Ён падкрэсліў, што з вялікай павагай ставіцца да святароў і свецкіх вернікаў, якія, нягледзячы на складаныя ўмовы, прысвячаюць сябе працы па ролі евангелізацыі і катэхізацыі. Вядома, у Польшчы ёсць парафіяльныя асяроддзі, дзе можна назіраць актыўнасць моладзі і сумленных, актыўных святароў. Аднак вельмі складаныя пытанні ўзнікаюць сёння, калі адбываецца «даволі лавінны сыход маладых людзей з Касцёла: не толькі са святыні, але і са спадчыны веры».

Ён растлумачыў, што змены ў рэлігійна-маральных пазіцыях моладзі выкліканы не толькі неэфектыўнай працай Касцёла, але і зменамі ў абліччы сучаснага свету, зменамі ў звычаях. Касцёл жа павінен больш актыўна прыслухоўвацца да патрэб і жаданняў маладых, ісці за імі.

«Ці ідэнтыфікуе моладзь сябе з Касцёлам? Ці адчуваюць яны адказнасць за гэта? Што значыць сёння выхоўваць маладых людзей для жыцця ў Касцёле? Яшчэ не позна правесці сур’ёзную дыскусію», — заўважыў ксёндз прафесар Багровіч.

Абноўлена 23.06.2021 12:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа