Пошук

25.04.2017 11:24  

Даследчыкі з Універсітэта Шэфілда прыйшлі да высновы, што выкарыстанне сацыяльных сетак і месенджэраў можа аказваць негатыўны ўплыў на самаацэнку дзяцей.

Як паказалі вынікі даследавання, чым больш дзеці выкарыстоўваюць Facebook, Snapchat, WhatsApp і Instagram, тым менш яны адчуваюць сябе шчаслівымі ў навучанні, у школе, у сям’і, і ўвогуле ў жыцці, тым менш яны задаволены сваім знешнім выглядам. Аднак яны адчуваюць сябе больш задаволенымі ў адносінах з сябрамі.

Калі дзіця праводзіць у сацсетках адну гадзіну ў дзень, то верагоднасць таго, што яно будзе задаволена сваім жыццём, змяншаецца на 14 працэнтаў. Паводле ацэнкі даследчыкаў, гэта ў тры разы мацнейшы негатыўны ўплыў у параўнанні з жыццём у няпоўнай сям’і.

«За апошняе дзесяцігоддзе сацыяльныя сеткі змянілі дзяцінства вельмі рэзка, і гэта становіцца праблемай для палітыкаў і арганізацый, адказных за абарону дзяцей», — піша The Guardian.

Леташнія даследаванні BBC паказалі, што толькі ў Вялікабрытаніі 75 працэнтаў дзяцей ва ўзросце 10–12 гадоў маюць акаўнты ў сацсетках. Рэгулятар Ofcom паведамляў пра тое, што больш за палову дзяцей ва ўзросце трох-чатырох гадоў карыстаюцца планшэтам. Адначасова кожнае сёмае дзіця мае сваю ўласную прыладу.

У даследаванні Універсітэта Шэфілда ўзялі ўдзел чатыры тысячы рэспандэнтаў ва ўзросце ад 10 да 15 гадоў. Яно таксама выявіла, што дзяўчаты больш схільныя адчуваць сябе нешчаслівымі пад уплывам сацыяльных сетак, чым хлопцы.

Таксама даследчыкі з Пітсбургскага ўніверсітэта прыйшлі да высновы, што сацсеткі ўзмацняюць пачуццё самотнасці. На іх думку, калі чалавек штодзень праводзіць у сацсетках звыш дзвюх гадзін, ёсць рызыка развіцця ў асобы сацыяльнай ізаляцыі.

Паводле CREDO
(VGr)

Абноўлена 22.08.2017 13:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа