22 мая, ва ўспамін святой Рыты, у італьянскай Кашыі адбудзецца ўручэнне Міжнароднай прэміі святой Рыты, якою адзначаюцца жанчыны за евангельскае пасланне аб прабачэнні.
Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, у гэтым годзе адной з лаўрэатак стала Моніка Карнэцкая з польскага Кракава.
Прэмія прысуджаецца з 1988 года жанчынам, якія па прыкладу святой Рыты, якая прабачыла забойцам мужа, даюць сведчанне прабачальнай любові.
Моніка Карнэцкая стане трэцяй жанчынай з Польшчы, якая атрымае Міжнародную прэміюду святой Рыты. У 1990 годзе гэтай узнагародай была адзначана Марыянна Папялушка, маці благаслаўлёнага ксяндза Ежы Папялушкі, а ў 1999 годзе спявачка Элені, якая прабачыла забойцу сваёй дачкі Афрадыты.
«Моніка Карнэцкая, якая паходзіць з Кракава, атрымлівае ўзнагароду, бо на ўзор святой Рыты без ваганняў прабачыла забойцу свайго сына, неадкладна адмаўляючыся ад заклікаў да помсты і нянавісці, якія распаўсюджваліся вакол яго сям’і.Гэта было прабачэнне, якое рэалізавалася ў малітве аб навяртанні забойцы. Яно было спалучана з рашэннем прысвяціць сябе апецы над церпячымі і паміраючымі дзецьмі, каб быць яшчэ больш плоднай маці», — адзначаецца ў абгрунтаванні ўзнагароды для польскай маці.
У 2017 годзе ў інтэрв’ю францішканскаму выданню Posłaniec św. Antoniego z Padwy Моніка Карнэцкая адзначыла: «Прабачэнне не забірае мой боль, яно дазваляе жыць. Можна пайсці ў іншы бок, без Пана Бога. Але гэта ўжо нянавісць. Канец жыцця. Калі б я прабывала ў нянавісці, то ўжо б не жыла. Нянавісць не дазваляе жыць, не дазваляе дыхаць».
Першы сын Монікі і Кшыштафа Карнэцкіх Давід 7 верасня 2013 года, у свой 23-і дзень народзінаў, быў забіты агрэсіўным мінаком. Бацькі прабачылі забойцу.