У нядзелю 16 мая, згодна з традыцыяй, якой ужо некалькі дзясяткаў гадоў, 15 дайвераў з Каралеўскага плывецкага клубу Валенсіі (Real Club Náutico de Valencia) усклалі букеты кветак да фігуры Маці Божай Зніклых без вестак — Апякункі гэтага горада ў Іспаніі.
Фігура знаходзіцца на 10-метровай глыбіні пад вадою непадалёк ад прыстані.
Як са спасылкай на GaudiumPress паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, у першай палове дня група дайвераў спусцілася з кветкамі пад ваду. Пасля іх вяртання ксёндз Хэсус Гарсія Эрнандэс цэлебраваў святую Імшу на тэрыторыі плывецкага клубу.
Бронзавая фігура Маці Божай Зніклых без вестак, зробленая скульптарам Ігнасіё Куартэра Фэрнандэсам, у 1977 годзе была ўсталявана на 20-метровай глыбіні пад вадою непадалёк ад маяка ў Валенсіі, а звычай ускладаць да яе кветкі ўзнік больш за 40 гадоў таму.
Марыя з’яўляецца не толькі Апякункай Валенсіі і мясцовай архідыяцэзіі, але таксама Ахоўніцай водаў вакол яе і тутэйшых маракоў.
У 2007 г. фігура, якая на той час ужо 30 гадоў знаходзілася ў марской вадзе, была паднятая на паверхню ў сувязі з працамі, якія праводзіліся ў порце. Гэта дало магчымасць яе аднавіць і прадставіць шырокай публіцы, пасля чаго ў 2009 г. фігуру зноў усталявалі на дне, але ўжо на глыбіні 10 метраў і ў больш даступным месцы.
Да яе штогод ускладаюць кветкі як выраз падзякі за ласкі, атрыманыя праз заступніцтва Панны Марыі, а таксама з просьбай аб благаслаўленні для ўсіх, хто працуе на моры.
Выява Маці Божай Зніклых без вестак, якая на веленсійскім дыялекце называецца Mare de Déu dels Desamparats, адрозніваецца тым, што Марыя трымае на левай руцэ Дзіцятка Езуса з крыжам, а ў правай — лілію.