Новаўтвораная аб’яднаная правінцыя езуітаў Цэнтральнай Еўропы (ECE) уключае 36 супольнасцяў з былых чатырох правінцый — Германіі, Аўстрыі, Літвы-Латвіі і Швейцарыі.
Як паведамляецца на сайце беларускай супольнасці Таварыства Езуса jezuity.by са спасылкай на jesuits.global, езуіты новай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі сустрэліся на першым пасяджэнні 27 красавіка.
Генеральны настаяцель айцец Артуро Соса SI скіраваў да ўдзельнікаў форуму відэазварот, у якім назваў заснаванне аб’яднанай Цэнтральнаеўрапейскай правінцыі «адказам на змены і выклікі нашага часу».
Працэс заснавання ECE працягваўся больш за чатыры гады, якія сталі часам удумлівага распазнавання: выявіліся разыходжанні ў поглядах, але таксама адкрыліся новыя і цікавыя магчымасці.
Па словах генеральнага настаяцеля, новая правінцыя існуе ў вымярэнні, якім характарызаваўся пачатак Таварыства Езуса ў часы святога Ігнацыя Лаёлы: з самага заснавання таварыства было міжкультурным, а «першымі таварышамі» была група мужчын з розных краін, якія размаўлялі на розных мовах.
Падчас форуму было падкрэслена, што ECE як аб’яднанне людзей розных культур можа спрыяць пошуку шляхоў адзінства без аднастайнасці ў абставінах, калі адрозненні з’яўляюцца багаццем, а супольнае дабро пераважае над індывідуалізмам.
Правінцыя ЕСЕ была створана з мэтай зрабіць служэнне езуітаў больш актуальным і эфектыўным. Сярод асноўных кірункаў дзейнасці былі вылучаны духоўнасць, адукацыя і «сацыяльна-экалагічныя пытанні».
На мапе новай правінцыі не пазначаны палітычныя межы краін, але пазначаны ўсе гарады, дзе прысутнічаюць езуіты. Такім чынам, злучаюцца не чатыры правінцыі, а 36 супольнасцяў.
Дзеля ўмацавання пачуцця адзінства на ўсіх мовах правінцыі — англійскай, французскай, нямецкай, лацінскай, латышскай, літоўскай і шведскай — выдадзена брашура з супольнымі малітвамі. Акрамя гэтага, новую правінцыю будуць аб’ядноўваць традыцыйныя для ігнацыянскай духоўнасці элементы: цішыня, распазнаванне, духоўныя размовы, а таксама салідарнасць у працэсе прыняцця рашэнняў.