У Паўночнай Карэі па-ранейшаму ёсць хрысціяне, але іх сітуацыя вельмі складаная — жыць даводзіцца ў катакомбах. Пра гэта паведаміў выданню Le Monde французскі місіянер кс. Філіп Блот, які штодзень дапамагае жыхарам гэтай камуністычнай краіны, якія маюць намер уцячы ў Кітай.
Як сцвярджае місіянер, з кожным годам гэта становіцца ўсё больш складаней, хоць па-ранейшаму ёсць асобы, якія пераводзяць бежанцаў праз мяжу, але каштуе гэта ад 3 да 5 тысяч еўра за асобу.
Ксёндз Філіп Блот у размове з Le Monde адзначыў, што хрысціяне ў Паўночнай Карэі мусяць утойваць сваю веру. Хрысціянаў, якіх выкрывае мясцовы рэжым, забіваюць або ссылаюць пажыццёва ў канцэнтрацыйныя лагеры.
«Тры гады таму адна пратэстантка прыняла хрост у Кітаі і вярнулася ў Паўночную Карэю з Бібліямі ў заплечніку. Калі яе схапіла паліцыя, то яе падвесілі за ногі і публічна лінчавалі», — адзначыў святар.
Ксёндз Філіп Блот належыць да Таварыства замежных місій у Парыжы. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у чэрвені 1990 года з рук папы Яна Паўла ІІ, пасля чаго ў кастрычніку наступнага года манаскія ўлады накіравалі яго ў Паўднёвую Карэю. Там святар пазнаёміўся з паўночнакарэйскімі бежанцамі. Такіх бежанцаў у Паўднёвай Карэі на сёння каля 30 тысяч. Яны жывуць у свабоднай краіне, але іх мэта быць з сем’ямі, якія засталіся ў Паўночнай Карэі або ў Кітаі.
«Самі яны не могуць вярнуцца на сваю радзіму, таму папрасілі мяне, каб я адшукаў іх родных», — распавёў місіянер. З гэтай мэтай святар з 2010 года ездзіць у Кітай. За гэтыя гады ўтварылася моцная суполка праваднікоў і была выпрацавана лагістыка правядзення бежанцаў у трэція краіны і пошуку сем’яў, гатовых іх прыняць. На сістэматычную фінансавую дапамогу, якая паступае выключна ад дабрачынцаў з Паўднёвай Карэі і ад сяброў святара з Францыі, разлічваць не даводзіцца.
Святар падкрэсліў, што рэжым Пхеньяна лічыць сем’і бежанцаў здраднікамі і высылае іх у «перавыхаваўчы» лагер, звычайна на ўсё жыццё.
Паводле кс. Блота, сярод бежанцаў расце колькасць дзяцей і моладзі, «і гэта драма», бо, калі ім не ўдасца ўцячы, рэшту свайго жыцця яны правядуць у працоўным лагеры. Паводле ацэнкі ААН, як адзначыў святар, у такіх лагерах сёння прабывае ад 80 да 120 тысяч палітычных вязняў. Місіянер таксама падкрэсліў, што вялікую дапамогу бежанцам аказвае Каталіцкі Касцёл на Поўдні. У той жа час урад Сеула афіцыйна дапамагаць не можа, каб не ствараць вялікіх дыпламатычных праблем.
КАІ (VGr)