У маскоўскіх школах можа з’явіцца рэлігійнае спецхарчаванне: ідэю раздачы вучням посных, кашэрных і халяльных бясплатных абедаў абмяркоўваюць у гардуме расійскай сталіцы.
Пра гэта са спасылкай на газету «Коммерсантъ» паведамляе Сібірская каталіцкая газета.
На думку некаторых дэпутатаў, паўнамоцтвы фарміраваць такое меню варта аддаць бацькоўскім камітэтам. Аднак у Расспажывецнадзоры кажуць, што ў школьных сталовых тэхнічна немагчыма гатаваць некалькі відаў абедаў. У мэрыі заўважаюць, што поснае меню можа пашкодзіць здароўю дзяцей.
Адкуль прыйшла ідэя?
З ідэяй увесці ў школах харчаванне па «рэлігійных стандартах» выступіў на пасяджэнні камісіі Масгардумы па справах грамадскіх аб’яднанняў яе старшыня Антон Палееў, які спаслаўся на «шматлікія звароты праваслаўнай грамадскасці». Як падлічыў дэпутат, у Маскве каля 23 тысяч сем’яў строга выконваюць праваслаўны пост.
Як патлумачыў дэпутат, побач з поснымі абедамі дзеці на выбар маглі б атрымліваць кашэрную, халяльную і вегетарыянскую (для будыстаў) ежу.
Даведка:
У 630 гарадскіх школах Масквы сёння вучыцца каля 870 тысяч вучняў. Бясплатнае гарачае харчаванне атрымлівае больш за 485 тысяч школьнікаў. У 2017 годзе на гэтыя мэты было выдзелена 19,8 млрд рублёў з маскоўскага бюджэту.
Прадстаўнікі іншых рэлігій Расійскай Федэрацыі, у прыватнасці яўрэі, і мусульмане, падтрымалі гэту ідэю ініцыятыву дэпутата.
Аднак, як высветлілася, большасць гарадскіх школ пабудавана ў савецкія часы і не мае тэхнічнай магчымасці гатаваць адразу некалькі відаў абедаў.
Намеснік старшыні камісіі Масгардумы па адукацыі Вольга Яраслаўская лічыць, што прадукты па рэлігійных стандартах можна прадаваць у школьных буфетах за грошы. Гэту думку падзяляе і кіраўнік камісіі па ахове здароўя Людміла Сцебенкова, якая лічыць прымальным рэалізоўваць такую прадукцыю толькі старшакласнікам.
Дыскусія па гэтым пытанні працягваецца.