Пошук

21.04.2021 12:50   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Валянціна Грамыка / Catholic.by

Кіраўнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Першавярхоўны арцыбіскуп Кіева-Галіцкі Святаслаў Шаўчук выказаў надзею, што канфлікт на ўсходзе Украіны будзе ўрэгуляваны дыпламатычным шляхам.

У інтэрв’ю рускай рэдакцыі парталу Vatican News арцыбіскуп Святаслаў Шаўчук падзякаваў Папу Францішку за малітву і заклік да міру на ўсходзе Украіны, які прагучаў у Ватыкане 18 красавіка.

«Мы так спадзяваліся, што вайна спыніцца, што можна будзе па-сапраўднаму знайсці палітычнае, дыпламатычнае рашэнне для гэтага канфлікту, бо ўсе мы ведаем, што ў дадзенай сітуацыі не можа быць ваеннага рашэння»,— падзяліўся грэка-каталіцкі іерарх.

Арцыбіскуп Шаўчук падкрэсліў, што ўкраінскі народ прабывае ў страху «з-за вельмі высокага сканцэнтравання расійскіх падраздзяленняў на ўкраінскай мяжы».

«Ёсць боязь прамой інтэрвенцыі гэтых войскаў на тэрыторыю Украіны»,— дадаў іерарх.

Кіраўнік УГКЦ дадаў, што сітуацыя ўскладнілася таксама з прычыны пандэміі. Калі раней людзі з акупаваных тэрыторый маглі перамяшчацца на тэрыторыю, якая кантралюецца Украінай, каб атрымаць пенсію або гуманітарную дапамогу, то з пачаткам пандэміі прапускныя пункты былі закрытыя.

Першавярхоўны арцыбіскуп Кіева-Галіцкі Святаслаў Шаўчук заклікаў да прымірэння і міру: «Не вайне! Складзіце зброю!

Як казаў Святы Айцец Францішак, вайной нельга нічога дасягнуць, але можна страціць усё. Няхай розум, дыялог, таксама і дыпламатычны, пераможа спакусу ўжываць зброю для вырашэння любых праблем у міжнароднай палітыцы», — падкрэсліў іерарх.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця