Пошук

09.04.2021 17:32   Паводле: Deon.pl / Catholic.by
Адбітак Чалавека на Турынскай плашчаніцы (справа) і рэканструяванае паводле яго аблічча (злева). Фота з адкрытых крыніц

Кім з’яўляецца Чалавек з Турынскай плашчаніцы? Гэтае пытанне стала назваю новага дакументальнага фільму, у якім апавядаецца пра гэтую незвычайную хрысціянскую рэліквію.

Адказ на яго шукаюць вельмі многія: навукоўцы, тэолагі, веруючыя і няверуючыя. Як адзначаецца на партале deon.pl, гэтае пытанне варта задаць сабе кожнаму з нас, асабліва цяпер, калі Касцёл перажывае актаву Пасхі і разважае над таямніцай Уваскрасення Хрыста.

У дакументальным фільме, знятым польскім Інстытутам міжкультурнага дыялогу Яна Паўла ІІ, на адмысловай выставе ў Цэнтры Яна Паўла ІІ у Кракаве яе шматгадовы захавальнік Кшыштаф Садла знаёміць гледачоў з незвычайным палатном і распавядае пра тое, што павінен быў перажыць Той, чыя выява таямнічым чынам адбілася на Плашчаніцы.

У дакументальным матэрыяле (на польскай мове) апавядаецца пра Турынскую плашчаніцу і тлумачыцца, якім чынам тое, што на ёй можна ўбачыць, суадносіцца з евангельскімі апісаннямі.

Акрамя таго, ідзе гаворка пра яе духоўнае значэнне, адзначае Кшыштаф Садла, які таксама з’яўляецца дырэктарам Евангелізацыйнага камітэту Польскага цэнтру даследчыкаў Плашчаніцы.

«Плашчаніца — гэта выклік для розуму. Ад кожнага чалавека, а асабліва ад навукоўца, перадусім патрабуецца намаганне, што дазволіць яму з пакораю прыняць глыбокае пасланне, скіраванае да яго розуму, якое датычыцця яго жыцця», — сказаў у 1988 годзе ў Турыне святы Ян Павел ІІ.

Папа Бэнэдыкт XVI, які называў Турынскую плашчаніцу «Іконай Вялікай суботы», у 2010 годзе прамовіў у Турыне такія словы: «У гэтым заключаецца таямніца Вялікай суботы!

Менавіта адтуль, са змроку смерці Божага Сына заззяла святло новай надзеі, святло ўваскрасення. І мне здаецца, што той, хто глядзіць на гэтае святое палатно вачыма веры, бачыць штосьці ад гэтага святла.

Насамрэч, Плашчаніца знаходзілася ў вялікім змроку, але разам з тым напоўнена святлом, і я думаю, што паколькі сотні тысяч чалавек прыбывае, каб яе ўшанаваць — не лічачы тых, якія глядзяць на яе рэпрадукцыі, — гэта адбываецца з-за таго, што што яны бачаць у ёй не толькі цемру, але таксама святло; не столькі паражэнне жыцця і любові, колькі перамогу: перамогу жыцця над смерцю, любові над нянавісцю; наогул бачаць у ёй смерць Езуса, але заўважаюць таксама Яго ўваскрасенне; у абдымках смерці цяпер пульсуе жыццё, таму што там пасялілася любоў.

У гэтым моц Плашчаніцы — аблічча гэтага „Мужа цярпення“, якое нясе на сабе сляды пакут людзей усіх часоў і ўсіх месцаў, а таксама і нашай пакуты, нашых цярпенняў, нашых праблем, нашых грахоў — Passio Christi. Passio hominis (Мука Хрыста. Мука чалавека)».

Абноўлена 09.04.2021 17:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.