Пошук

07.04.2021 17:41   Паводле: KAI / Пераклад і адаптацыя: Валянціна Грамыка / Catholic.by
Фота KAI.pl

5 красавіка іракскі кардынал Луіс Рафаэль Сако выступіў з практычнымі прапановамі, натхнёнымі папскім візітам у Ірак і накіраванымі на «распачацце новай эпохі паяднання і братэрства» ў гэтай краіне.

На думку Патрыярха Вавілонскага Халдэйскай Каталіцкай Царквы, словы якога прыводзіць Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, надышоў час аддзяліць Касцёл ад дзяржавы ў Іраку.

Іракскі іерарх назваў чатыры практычныя прапановы, якія дапамогуць іракцам рэалізаваць заклік Папы Францішка да братэрства, а таксама адкінуць экстэрмізм і нянавісць, змяніць мысленне, будаваць давер, каб разам ісці наперад, будуючы з талерантнасцю, любоўю і павагай свет больш справядлівы і годны чалавека:

  • стварэнне адукацыйных і дыдактычных праграм з мэтай умацавання братэрства паміж іракцамі і іх нацыянальнай еднасці;
  • арганізацыя семінараў, канферэнцый, тэлепраграм на тэму культурнай і рэлігійнай разнастайнасці іракцаў дзеля вылучэння і паглыблення супольных пунктаў, а таксама пашаны да таго, што іх адрознівае;
  • стварэнне нацыянальнага цэнтра (з заламі і бібліятэкай), які будзе спецыялізавацца на міжрэлігійным дыялогу з мэтай прафілактыкі фундаменталізму;
  • прымяненне крымінальнага кодэксу 1969 года, які абавязвае ахоўваць святыя месцы, прадухіляць зневажанне рэлігій і іх сімвалаў, а таксама караць вінаватых у гэтым.

Паводле канстытуцыі, як заўважыў Патрыярх, іракцы як грамадзяне маюць аднолькавыя правы і абавязкі. Грамадзянства «не можа абмяжоўвацца» вызнаўцамі адной рэлігіі, жыхарамі аднаго рэгіёна ці асобамі, якія належаць да адной расы, бо гэта «паўсюднае права для ўсіх».

Таму, на думку іерарха, «надышоў час аддзяліць рэлігію ад дзяржавы і стварыць свецкую дзяржаву».

«Грамадзянская і свецкая дзяржава не варожая рэлігіі, яна паважае ўсе веравызанні і не ўцягвае іх у палітыку»,— патлумачыў патрыярх.

Больш за тое, яна гарантуе «рэлігійную свабоду і аднолькавую свабоду веравызнання ўсіх іракцаў», а таксама абараняе «правы чалавека, якія ўключаны ва ўсе міжнародныя законы».

У Іраку, дзе пражывае каля 39 мільёнаў жыхароў, 98% складаюць мусульмане, пры гэтым 2/3 з іх шыіты (поўдзень краіны), а 1/3 — суніты (цэнтр) і курды (поўнач краіны). Сярод хрысціянаў самай шматлікай супольнасцю з’яўляюцца халдэйскія католікі. Акрамя гэтага ў Іраку прысутныя Асірыйская Царква Усходу, Сірыйская Праваслаўная і Сірыйская Каталіцкая Цэрквы, Армянская Апостальская і Армянская Каталіцкая Цэрквы, невялікія рыма-каталіцкія і пратэстанцкія супольнасці, а таксама іншыя меншасці.

Канстытуцыя Ірака запэўнівае фармальную свабоду веравызнання, адначасова ў ёй падкрэсліваецца, што ніводны закон не можа супярэчыць ісламу. На практыцы гэта часта вядзе да дыскрымінацыі меншасцяў.

Абноўлена 07.04.2021 17:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця