У Рускай Праваслаўнай Царкве лічаць, што афіцыйнае святкаванне памяці заходніх святых, праслаўленых да падзелу Царквы, нагадае праваслаўным пра адзінства хрысціянскай традыцыі ў першым тысячагоддзі.
На мінулым тыдні Сінод у Маскве пастанавіў уключыць у месяцаслоў імёны старажытных святых, памяць пра якіх шанавалі ў краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы да падзелу Царквы ў 1054 годзе, калі хрысціянская Царква раскалолася на Каталіцкую і Праваслаўную.
Як адзначыў сакратар сінадальнага Аддзела знешніх царкоўных сувязяў іераманах Стэфан Ігумнаў, на працягу вякоў Цэрквы на Захадзе былі вельмі цвёрдыя ў вызнанні хрысціянскай веры. Так, напрыклад, Брытанскія астравы лічыліся сапраўднай «паўночнай Фіваідай» па колькасці кляштараў і манахаў.
Пра гэта са спасылкай на «Интерфакс-Религия» паведамляе «Сибирская католическая газета».
Святар заўважыў, што некаторых з гэтых святых яшчэ да ўключэння ў месяцаслоў шанавалі не толькі на Захадзе, але і ў асяродку праваслаўных хрысціян.
Сярод святых, якіх па рашэнні Сіноду з гэтага часу будзе згадваць і Руская Праваслаўная Царква, найбольш вядомыя — нябесны апякун Ірландыі святы Патрык і святая Жэнеўева, якую лічаць апякункай Парыжа і рускіх эмігрантаў.