У пячорах Мёртвага мора ізраільскія археолагі знайшлі фрагменты сувоя з біблейскімі тэкстамі двухтысячагадовай даўніны, а таксама манеты, косныя парэшткі дзіцяці, пахаванага шэсць тысяч гадоў таму і кошык, сплецены з раслінных матэрыялаў прыкладна 10,5 тысяч гадоў таму, і іншыя цікавыя прадметы.
Пра гэта паведамляюць РИА Новости са спасылкай на Упраўленне старажытнасцяў Ізраіля.
«Упершыню прыкладна за 60 гадоў археолагі выявілі (у раёне Мёртвага мора) фрагменты біблейскага сувоя. Сувой, напісаны па-грэчаску, уключае ў сябе ўрыўкі з Кнігі дванаццаці малых прарокаў, у тым ліку кнігі Захарыі і Навума», — гаворыцца ў паведамленні Упраўлення старажытнасцяў Ізраіля.
Раскопкі вяліся з 2017 года ў цяжкадасяжных месцах (у некаторыя пячоры можна было трапіць толькі пры выкарыстанні альпінісцкага рыштунку) і былі накіраваны на прадухіленне разрабавання старажытнасцяў у Юдэйскай пустыні.
Ад часу, калі ў канцы 40-х гадоў ХХ стагоддзя археолагі знайшлі серыю манускрыптаў, датаваных I–III стагоддзямі нашай эры, якія маюць вялікае гістарычнае, рэлігійнае і лінгвістычнае значэнне, на працягу амаль шасці дзесяцігоддзяў новых рукапісаў не знаходзілі.
Пячоры ў раёне Мёртвага мора, клімат якіх захоўвае сведчанні гісторыі на працягу стагоддзяў, сталі мішэнню «чорных археолагаў», якія вялі пошук старажытных артэфактаў з рызыкай для жыцця.
Спецыялісты Упраўлення старажытнасцяў Ізраіля пры падтрымцы валанцёраў даследавалі каля 80 кіламетраў пустэльных пячор, аперацыя вялася пры дапамозе дронаў.
Мэта гэтай нацыянальнай ініцыятывы — уратаваць рэдкія і важныя аб'екты нашай спадчыны ад злодзеяў.
«Выяўленыя фрагменты сувоя — трывожны сігнал для дзяржавы. Трэба выдаткаваць рэсурсы для завяршэння гэтай гістарычнай аперацыі. Мы павінны ўпэўніцца, што зможам адшукаць усё, што яшчэ ўтойваюць пячоры, перш чым гэта зробяць злодзеі. Некаторыя з гэтых скарбаў вельмі каштоўныя», — заявіў дырэктар Упраўлення старажытнасцяў Ізраіля Ісраэль Хасон.
Фрагменты грэчаскага сувоя Кнігі дванаццаці малых прарокаў, выяўленыя падчас аперацыі, былі напісаныя двума рознымі пісцамі.
Спецыялісты ўжо рэканструявалі 11 радокоў тэкста з кніг прарока Захарыі і Навума, выявіўшы значныя і нечаканыя разыходжанні з больш познімі версіямі гэтых урыўкаў.
Даследчыкі адзначаюць, што хоць большая частка тэксту напісана на грэчаскай мове, імя Бога фігуруе ў старажытнагабрэйскім напісанні, вядомым з часоў першай ерузалемскай святыні.
Акрамя фрагментаў старажытных манускрыптаў, археолагі выявілі ў адной з пячор таксама косныя парэшткі дзіцяці прыкладна 6–12 гадоў, пахаванага каля шасці тысяч гадоў таму. Цела было завінутае ў тканіну і ляжала ў позе зародка.
Выяўлены даследчыкамі кош, сплецены з расліннага матэрыяла, можа стаць самым старажытным прадметам такога кшталту — археолагі датуюць яго дзявятым тысячагоддзем да нашай эры.
«Наколькі нам вядома, гэта самы стары кош у свеце, які быў знойдзены цалкам непашкоджаным, і таму значэнне гэтай знаходкі велізарнае. Кош мае ўмяшчальнасць 90–100 літраў і, відаць, выкарыстоўваўся для захоўвання рэчаў», — гаворыцца ў паведамленні Упраўлення старажытнасцяў.
Археолагі выявілі і дадатковыя прадметы, меркавана, пакінутыя габрэйскімі паўстанцамі, якія хаваліся ў пячорах у часы паўстання Бар-Кохбы (132–136 гг. н.э., паўстанне юдэяў супраць рымлян пры імператары Адрыяне): тайнік з манетамі паўстання, упрыгожанымі габрэйскімі сімваламі, наканечнікі стрэл і коп’яў, фрагменты тканіны, сандалі і нават грабяні ад вошаў.