Дзіцячы фонд ААН прааналізаваў сітуацыю дзяцей ва ўсім свеце праз год пасля абвяшчэння пандэміі. Усе даныя сведчаць пра значны адкат назад у асноўных сферах, звязаных з дабром дзяцей.
Як паведамляе руская рэдакцыя Vatican News, узрасла «колькасць галадаючых, самотных дзяцей, дзяцей, якія церпяць ад насілля, якія адчуваюць непакой, якія жывуць у беднасці і якіх прымушаюць да заўчасных шлюбаў». Такую выснову зрабіла генеральны дырэктар Дзіцячага фонду ААН Хэнрыета Фор.
«У той жа час, — падкрэсліла дырэктар Дзіцячага фонду, — доступ да адукацыі, да сацыялізацыі, да асноўных паслугаў, уключаючы ахову здароўя, хархаванне і абарону, зменшыўся.
Усе прыкметы ўказваюць на тое, што ў бліжэйшыя гады дзеці будуць траўмаваныя пандэміяй».
Чакаецца, што колькасць дзяцей, якія будуць жыць за мяжой беднасці, павялічыцца на 140 мільёнаў.
Больш за 168 мільёнаў дзяцей не наведвалі школу на працягу цэлага года, трэцяя частка вучняў не мела магчымасці ўдзельнічаць у дыстанцыйным навучанні.
Аб’ём медыцынскіх паслуг для дзяцей і падлеткаў у галіне псіхічнага задроўя скараціўся на дзве трэці.
Па даных на лістапад 2020 года, колькасць дзяцей да пяці гадоў, знясіленых голадам, узрасла на 6–7 мільёнаў, што ў выніку складае 54 мільёны. Гэта азначае, што кожны месяц ад голаду будзе паміраць на 10 тысяч дзяцей больш. Перш за ўсё гэта датычыцца Афрыкі на поўдзень ад Сахары і Паўднёвай Азіі.