Пошук

09.03.2021 10:39   Паводле: vaticannews.va / Пераклад і адаптацыя: Валянціна Грамыка / Catholic.by
Папа Францішак у Масуле. Фота: AFP

8 сакавіка завяршыўся чатырохдзённы апостальскі візіт Папы Францішка ў Ірак. У гэтыя дні Святы Айцец наведаў Багдад, Наджаф, Ур, Эрбіль, Каракош і Масул, сустрэўся з прадстаўнікамі ўраду краіны і каталіцкай супольнасцю.

Іракскія СМІ, падсумоўваючы візіт Пантыфіка ў іх краіну, называюць Папу «чалавекам Бога», які для іх бацькаўшчыны стаў пілігрымам братэрства. Адначасова падкрэсліваецца, што пасля шматгадовых канфліктаў Святы Айцей паказаў жыхарам Ірака сапраўднае аблічча іх краіны — шматвекавое братэрства.

Як паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News, менавіта на гэта звярнуў увагу арцыпастыр Масула, які верыць, што папскі візіт дадаў людзям адвагі да будавання лепшай будучыні.

Арцыбіскуп Міхаэль Найеб адзначыў, што Папа Францішак засяродзіўся не толькі на матэрыяльнай адбудове краіны, але шмат казаў пра неабходнасць адбудовы адзінства і чалавечых сэрцаў. Па словах іерарха, гэта вельмі ўразіла іракцаў. «Папа ўзмоцніў нашу надзею і паказаў, што адзінства сярод іракцаў магчыма», — сцвердзіў арцыбіскуп Найеб.

«Сэрцам гэтага візіту быў Масул. Святы Айцец быў узрушаны, бачачы амаль поўнае знішчэнне правабярэжнай часткі горада, дзе 90 працэнтаў дамоў, касцёлаў і мячэцяў ляжаць у руінах. Да яго прамаўлялў непрыбраны да гэтага часу горад, у якім ён маліўся з намі сярод таго, што засталося ад чатырох святыняў розных абрадаў. Адной з іх было 1300 гадоў, — дадаў іерарх. — Гэта была надзвычай сімвалічная сустрэча.

Пад крыжам, спаленым ісламістамі, мы выказалі волю будаваць супольную будучыню. Гэтага прагнуць як хрысціяне, так і мусульмане Масула.

Папа быў вельмі ўзрушаны, у яго вачах былі слёзы.

Самае важнае пасланне, якое сыходзіла да іракцаў, а праз іх — да ўсяго свету: вы — браты. Братэрства не ведае межаў, не залежыць ад культуры, колеру скуры, рэлігіі. Мы — браты, браты ў адзінай чалавечай натуры».

Абноўлена 09.03.2021 12:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця