Пошук

05.03.2021 12:12   Паводле: blagovest-info.ru / Пераклад і адаптацыя: Валянціна Грамыка / Фота: Вльга Хруль, Юлія Зайцава / Catholic.by

3 сакавіка ў Маскве адбылася прэзентацыя першага рускамоўнага перакладу энцыклікі Папы Францішка Fratelli tutti, у якой прадстаўлена вучэнне аб братэрстве і сацыяльным сяброўстве.

Як паведамляе партал blagovest-info.ru, пераклад быў падрыхтаваны і выдадзены мусульманамі — Выдавецкім домам «Медина» разам з навуковым калектывам Міжнароднага мусульманскага форуму пад эгідай Духоўнага ўпраўлення мусульманаў Расійскай Федэрацыі.

«Для нас заўсёды было відавочна, што падтрыманне міжрэлігійнага дыялогу — гэта святы абавязак веруючага чалавека», — адзначыў галоўны рэдактар «Медины», адказны сакратар Міжнароднага мусульманскага форуму Дамір Мухетдзінаў.

Акрамя гэтага, ён падкрэсліў неабходнасць вывучэння досведу іншых рэлігій, у прыватнасці, Каталіцкага Касцёла, асабліва беручы пад увагу экстраардынарныя ўмовы пандэміі, звязаныя з ёю абмежаванні і іх асэнсаванне.

Дамір Мухетдзінаў падкрэслівае, што тэкст энцыклікі Fratelli tutti «звернуты не толькі да хрысціянаў, але і да мусульманаў, і да ўсіх людзей на планеце».

Цэнтральная тэма энцыклікі — «культура сустрэчы»: сустрэчы, якая пераадольвае канфлікт і абыякавасць, якая адкрывае ўнікальнасць у кожным удзельніку. Гэтыя і многія іншыя ідэі энцыклікі былі натхнёныя сустрэчай Папы Францішка з  Ахмедам Аль-Таебам, шэйхам Аль-Азхара, у лютым 2019 года.

Пантыфік успрыняў «як цудоўны, радасны сюрпрыз навіну пра тое, што энцыкліка Fratelli tutti была перакладзена на рускую мову». Пра гэта аўтар энцыклікі напісаў у пасланні, якое падчас прэзентацыі зачытаў Апостальскі Нунцый у Расіі арцыбіскуп Джавані Д’Аніэло.

«Братэрства ўзнікае ад прызнання адзінага Айца. Калі мы ўсе з’яўляемся дзецьмі адзінага Айца, то можам называць адзін аднаго братамі і, самае галоўнае, жыць як браты»,— напісаў Пантыфік у сваім пасланні.

«Энцыкліка Папы Францішка заклікае нас <…> быць рознымі, але не падзеленымі, далёкімі і адначасова блізкімі, з’яднанымі любоўю, якая выклікае павагу і ўмацоўвае братэрства», — лічыць арцыбіскуп Д’Аніэло.

Падчас прэзентацыі выступіў таксама арцыбіскуп Паоло Пэццы, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Расіі, які адзначыў, што папская энцыкліка апісвае «самы немагчымы цуд — братэрства паміж людзьмі». Аднак гэтае «самае немагчымае з’яўляецца адначасова і самым жаданым, самым натуральным для кожнага чалавека», лічыць іерарх.

Будаваць братэрства, як сцвердзіў арцыбіскуп Пэццы, немагчыма без «адкрыцця і прызнання таго, што ў нас ёсць Айцец».

Усведамленне гэтага робіць братэрства не абстрактным паняццем, а рэальным, якое «ўвасабляецца ў жыцці людзей цалкам канкрэтным чынам».

Абноўлена 05.03.2021 12:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця