Пошук

03.03.2021 13:57   Паводле: jezuity.by / Catholic.by

Лічбавае пілігрымаванне па Цэнтральнай Еўропе, 33 прыпынкі і мноства захапляльных гісторый, гульняў і галаваломак прапануе новы мабільны дадатак ад езуітаў «Пашпарт пілігрыма Канізія».

Як паведамляецца на сайце jezuity.by са спасылкай на jesuits.eu, дзякуючы яму можна далучыцца да духоўнай прыгоды, што адбываецца ў новай цэнтральнаеўрапейскай правінцыі езуітаў, якая аб’яднала ранейшыя правінцыі Таварыства ў Аўстрыі, Германіі, Літве-Латвіі і Швейцарыі. Дадатак Canisius Pilgerpass даступны бясплатна ў крамах мабільных дадаткаў Google Play і App Store.

Асобныя езуіты здзяйсняюць рэпрэзентацыйную пілігрымку па Шляху Канізія, названым у гонар святога Пятра Канізія — езуіцкага святара з Галандыі, які прапаведаваў у многіх краінах Еўропы. Пілігрымы спалучаюць аналагавую пілігрымку з лічбавай: атрымліваецца мікрапілігрымка ў часы каранавіруснага лакдаўна. У жывым эфіры яны апавядаюць пра гэтую акцыю на каналах сацсетак ордэна езуітаў.

Па прынцыпе «адзін за ўсіх і ўсе за аднаго» пілігрымы ідуць за ўсіх тых, хто не можа ісці, але можа спадарожнічаць ім праз Інтэрнэт.

На старонцы canisius.world (даступнай, як і сам дадатак, на нямецкай, французскай і літоўскай мовах) карыстальнікі могуць наведваць сайты пілігрымкі і перажываць яе ў інтэрактыўным рэжыме.

Лічбавым хостэлам пілігрымаў на час падарожжа з’яўляецца група «Супольнасць Канізія» ў сацыяльнай сетцы Facebook. Тут пілігрымы сустракаюцца, абменьваюцца досведам, дзеляцца натхненнем і матывуюць адзін аднаго.

Дарога па краінах новай езуіцкай правінцыі

33 прыпынкі на Шляху Канізія вядуць з Вільні да швейцарскага Фрыбурга праз усе краіны новай правінцыі, якая таксама ўключае ў сябе пляцоўкі ў Швецыі і Чыкага (ЗША).

«Напрыклад, у Рызе мы даведаемся пра значэнне духоўных практыкаванняў Ігнацыя для экуменічнага руху. У Гамбургу мы сустрэнемся з езуітам — заўзятым барабаншчыкам»,— адзначае Пія Дыкманс, супрацоўніца езуітаў па сувязях з грамадскасцю.

Карыстальнікі могуць паглыбіцца ў жыццё, працу і духоўнасць мясцовых езуітаў і самі паспрабаваць, што значыць шукаць і знаходзіць Бога ва ўсім.

«На кожным прыпынку ёсць невялікае заданне, якое трэба выканаць, каб атрымаць чарговы штамп у лічбавы пашпарт пілігрыма. Насамрэч пілігрымка можа стаць таксама падарожжам да сябе і да Бога», — дадае Пія Дыкманс.

«Пашпарт пілігрыма» — дадатак, створаны не проста дзеля забавы. У ім мэтанакіравана прапануюцца духоўныя імпульсы, а таксама ёсць асабісты малітоўны куток, дзе адмысловая духоўная батарэя «зараджаецца» падчас пілігрымкі.

Духоўнае падарожжа

«Працяглы лакдаўн і няпэўнасць адносна таго, як справы пойдуць далей, нягледзячы на каранавірус, пакідае адбітак на душах многіх людзей», — заўважае а. Марцін Старк SІ, адказны за камунікацыю, спасылаючыся на свой досвед душпастырства ў інтэрнэце.

«Таму гэта добрая ідэя — скіравацца ў падарожжа разам з „Пашпартам пілігрыма Канізія“ і знайсці час, каб аднавіць сілы і з дапамогай духоўных імпульсаў атрымаць магчымасць „дыхаць глыбока“», — падкрэсліў святар, а таксама дадаў, што гэта яшчэ і магчымасць пазнаёміцца з усімі езуітамі, супрацоўнікамі і сябрамі новай правінцыі Цэнтральнай Еўропы.

Цэнтральнаеўрапейская правінцыя езуітаў будзе ўрачыста заснавана 27 красавіка 2021 года. Правінцыялам стане айцец Бэрнхард Бюрглер SІ, які да гэтага быў правінцыялам езуітаў у Аўстрыі. У склад новай правінцыі ўвойдуць 424 езуіты 36-і пляцовак Германіі, Латвіі, Літвы, Аўстрыі, Швецыі, Швейцарыі і ЗША.

Абноўлена 03.03.2021 15:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця