Пошук

26.02.2021 12:44   Паводле: ekai.pl / Пераклад: Валянціна Грамыка / Catholic.by
Слуга Божы Ігнацый ад святога Паўла (Джордж Спэнсар). Фота: dailymail.co.uk

20 лютага Папа Францішак зацведрзіў восем дэкрэтаў аб гераічнасці цнотаў Слугаў Божых, адзін з якіх датычыцца айца Ігнацыя ад святога Паўла, Джорджа Спэнсара пры нараджэнні, які з’яўляецца продкам герцага Кембрыджскага прынца Уільяма і яго брата герцага Сасэкскага прынца Гары.

Як паведамляе партал ekai.pl са спасылкай на брытанскае агенцтва Reuter, Джордж Спэнсар (1799–1864) з’яўляецца прапрапрадзедам трагічна загінулай у 1997 годзе прынцэсы Дыяны, маці прынца Уільяма і прынца Гары, а таксама прапрадзедам прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Уінстана Чэрчыля.

Св. Маці Тэрэза і прынцэса Дыяна. Фота з адкрытых крыніц

Джордж Спэнсар нарадзіўся 21 снежня 1799 года ў Лондане ў англіканскай сям’і. Дзяцінства правёў у Элтарпе — фамільным маёнтку графскага роду Спэнсараў у Нортгемптаншыры. Там таксама амаль праз 200 гадоў пахавалі прынцэсу Дыяну.

13 чэрвеня 1824 года атрымаў пасвячэнне англіканскага пастара, але праз шэсць гадоў 30 студзеня 1830 года перайшоў у каталіцтва.

Прычынай гэтаму, як ён сам прызнаўся, стала «ўважлівае вывучэнне айцоў Касцёла, асабліва прац святога Яна Залатавуснага (Хрызастома) і святога Грыгорыя Вялікага, якія дапамаглі заўважыць розніцу паміж каталіцтвам і пратэстанцтвам».

Ён пачаў чытаць гэтыя тэксты ў 1827 годзе, калі знаходзіўся на адпачынку на востраве Уайт. Тады ён таксама пазнаёміўся з мноствам каталіцкіх святароў, якія заахвочвалі яго працягнуць вывучэнне Айцоў Касцёла.

Пасля прыняцца каталіцтва два гады вучыўся ў Рыме, дзе жыў у англійскім каледжы (Venerable English College) і 28 мая 1832 года прыняў святарскае пасвячэнне ў Каталіцкім Касцёле.

Вялікую ролю ў яго жыцці адыграла сустрэча з італьянскім пасіяністам бл. Дамэніко Барбэры (1792–1849), якога называлі «апосталам адзінства», і яго ідэя навяртання Англіі і прыняцця ёю каталіцызму. Дзякуючы яму перайшоў у каталіцтва святы Джон Генры Ньюман.

Спэнсар уступіў у кангрэгацыю Мукаў Езуса Хрыста (пасіяністы) 5 студзеня 1847 года і прыняў імя Ігнацыя ад святога Паўла. Пасля вяртання ў Вялікабрытанію святар служыў у асноўным бедным ірландскім мігрантам у заходняй Англіі.

Памёр 1 кастрычніка 1864 года ў Шатландыі.

20 лютага Папа Францішак зацвердзіў дэкрэт аб гераічнасці цнотаў англійскага Слугі Божага.

Прынц Уільям — другі прэтэндэнт на трон пасля свайго бацькі Чарльза, прынца Уэльскага. Варта нагадаць, што ў кастрычніку 2011 года на Саміце брытанскай Садружнасці нацый у аўстралійскім горадзе Пэрт былі зацверджаны змены ў законе аб наследаванні брытанскай манархіі: была абвешчана роўнасць у правах мужчын і жанчын. У Акце аб наследаванні трону, між іншым, адзначаецца, што «шлюб з католікам не пазбаўляе права наследавання трону».

Абноўлена 27.02.2021 11:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа