Пошук

25.02.2021 13:35   Паводле: Deutsche Welle / Catholic.by
Фота AFP

23 лютага на пленарным пасяджэнні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Германіі Генеральным сакратаром нямецкага епіскапату была абрана Беатэ Гілес (Beate Gilles).

Як са спасылкай на Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва KNA паведаміла руская рэдакцыя Deutsche Welle («Нямецкай хвалі»), яна, таксама як і яе папярэднік айцец Ханс Лангердэрфер, езуіт, які займаў гэтую пасаду на працягу 24-х гадоў і цяпер выйшаў на пенсію, адначасова будзе кіраваць справамі Саюзу дыяцэзій Германіі.

Выконваць гэтыя абавязкі яна распачне з 1 ліпеня.

Адзначаецца, што 50-гадовая Беатэ Гілес стане першай у гісторыі Касцёла ў Германіі жанчынай на пасадзе Генеральнага сакратара епіскапату краіны.

Старшыня Канферэнцыі біскуп Георг Бэтцінг падкрэсліў, што гэты выбар — яўны знак таго, што «біскупы выконваюць свае абавязацельствы адносна даручэння жанчынам кіраўнічых пасад». Паводле іерарха, новая Генеральны сакратар епіскапату — цудоўная тэолаг, якая мае сувязі ў розных структурах Касцёла і валодае выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі.

Беатэ Гілес нарадзілася ў 1970 г. у горадзе Хюкэсваген (зямля Паўночны Рэйн-Вестфалія). З 1989 па 1995 гг. яна вучылася ў Бонскім універсітэце, дзе яе спецыялізацыяй былі каталіцкае рэлігіязнаўства і нямецкая мова. У 2000 г. яна абараніла доктарскую дысертацыю па літургічнай спецыфіцы трансляцыі набажэнстваў у сродках масавай інфармацыі. З 2010 г. спадарыня Гілес узначальвае аддзел па справах дзяцей, моладзі і сям’і дыяцэзіі Лімбурга.

Абноўлена 25.02.2021 13:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа