Пошук

23.02.2021 14:37   Паводле: KAI / Пераклад і адаптацыя: Валянціна Грамыка / Catholic.by
Poczta Polska

22 лютага Польская пошта ўвяла ў абарачэнне паштовую марку, прысвечаную святкаванню 90-годдзя аб’яўленняў Езуса Міласэрнага святой Фаўстыне Кавальскай.

Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, на паштовым блоку змешчаны выявы святой Фаўстыны і святога Яна Паўла ІІ аўтарства Барбары Стшымінскай-Зданевіч, а паабапал — абразоў Езуса Міласэрнага з Вільні і Лагеўнікаў.

З левага боку змешчаны абраз мастака Яўгена Казіміроўскага, напісаны ў 1934 годзе, які знаходзіцца ў санктуарыі Божай Міласэрнасці ў Вільні.

Гэта адзіны абраз, напісаны ў прысутнасці і паводле сведчанняў сястры Фаўстыны.

З правага боку — абраз аўтарства Адольфа Хылы, напісаны мастаком у 1944 годзе на аснове запісаў у «Дённіку» святой Фаўстыны. Абраз знаходзіцца ў санктуарыі Божай Міласэрнасці ў Кракаве (Лагеўнікі).  

Акрамя паштовай маркі, Польская пошта выдала лімітную версію Канверта першага дня. На ім змешчаны здымак інтэр’ера санктуарыя Божай Міласэрнасці ў Чэнстахове. На адбітку паштовага штэмпеля — лагатып «Даліны Міласэрнасці» ў Чэнстахове.

«Польская пошта выкарыстоўвае свае філатэлістычныя выданні, каб нагадваць пра вялікіх асоб у гісторыі Касцёла,— тлумачыць намеснік старшыні адміністрацыі Польскай пошты Веслаў Влодэк. — Новы блок прысвечаны аб’яўленням, якія атрымала сястра Фаўстына Кавальская з Кангрэгацыі Маці Божай Міласэрнасці. Мы лічым, што нашае выдавецтва паспрыяе распаўсюджванню сведчання польскай святой».

Фаўстына Кавальская нарадзілася ў 1905 г. у польскім мястэчку Глаговец, непадалёк ад Лодзі, памерла ў Кракаве ў 1938 г. Свае маладыя гады правяла ў кляштары сясцёр Маці Божай Міласэрнасці, мела стыгматы, была апосталам Божай Міласэрнасці.

Яе спаведніком быў бл. ксёндз Міхал Сапоцька, беларус па паходжанні (нарадзіўся ў Ашмянскім павеце, цяпер Валожынскі раён).

У 1931 г. сястры Фаўстыне ўпершыню аб’явіўся Езус. Свой духоўны досвед яна апісала ў «Дзённіку». Аднак аповед пра містычныя перажыванні на 20 гадоў трапіў у Індэкс забароненых кніг. У 2000 годзе Ян Павел ІІ кананізаваў сваю суайчынніцу Фаўстыну Кавальскую.

Абноўлена 23.02.2021 17:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа