Пошук

25.04.2023 17:17   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

22 красавіка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч благаславіў фундамент будучага касцёла ў гонар благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі ў Абухаве, што непадалёк ад Гродна (дэканат Гродна-Усход).

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, іерарх таксама благаславіў і ўмураваў у фундамент будучай святыні два вуглавых камені.

Яны былі прывезены з радзімы апекуна парафіі благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі — вёскі Навасады Валожынскага раёна: адзін камень — з дома, дзе ён нарадзіўся, другі — з прыступак касцёла, дзе быў ахрышчаны.

Новая каталіцкая святыня будзе ўзведзена каля трасы, якая злучае Гродна з Мінскам, паблізу з праваслаўнай царквой, пабудаванай у Абухаве ў гонар прападобнага Серафіма Сароўскага.

Гістарычная ўрачыстасць сабрала шматлікіх удзельнікаў — мясцовых католікаў, а таксама праваслаўных вернікаў на чале з іх настаяцелем протаіерэем Ігарам Волкавым, і гасцей, у тым ліку святароў і прадстаўнікоў мясцовай улады.

Усіх прысутных прывітаў пробашч парафіі ў Абухаве ксёндз Міхал Васількевіч, які адзначыў, што ў гэты дзень міласэрны Бог сабраў іх на такую важную і непаўторную для парафіі падзею.

Біскуп Кашкевіч, звяртаючыся да прысутных, выказаў радасць з той нагоды, што ў аграгарадку Абухавa ў 2019 годзе была створана новая каталіцкая парафія, якая сваім апекуном абрала благаслаўлёнага Міхала Сапоцьку: святара, вернага пасланню Божай Міласэрнасці, якога сам Езус назваў «верным слугой».

Іерарх дадаў, што кожная парафія хоча мець свой уласны Божы дом; гэта апраўдана і істотна ў жыцці супольнасці, бо рэлігійнае жыццё канцэнтруецца вакол дома, якім з’яўляецца касцёл.

«У парафіях, дзе будуюцца або будаваліся новыя касцёлы, вернікі падкрэсліваюць, што гэтая супольная мэта вельмі іх з’яднала. Радасць прыносіць кожная скончаная праца. Сэрца радуецца выгляду сцен касцёла, якія становяцца ўсё вышэйшымі», — сказаў біскуп.

Па яго словах, хоць будаўніцтва матэрыяльнага касцёла звязана з цяжкай працай, ахвярай і адданасцю, аднак гэтыя намаганні прыносяць вельмі вялікую радасць і задавальненне. Таму іерарх заахвоціў вернікаў падтрымаць гэтую ініцыятыву працай, ахвярай і малітвай, дадаўшы: «Несумненна, гэта будзе цудоўная памяць, якая застанецца пасля вас для будучых пакаленняў».

Як падкрэсліў біскуп, важна таксама памятаць, што адначасова трэба будаваць Касцёл духоўны: духоўнае вымярэнне парафіі надзвычай істотнае, і неабходна стварыць моцную, трывалую і поўную любові сямейную атмасферу.

«Трэба актыўна ўключыцца ў душпастырства, ва ўтварэнне парафіі як супольнасці супольнасцяў, якая будзе ажыўляць сваю веру праз малітву, разважанне над Словам Божым, адарацыю», — заахвоціў вернікаў пастыр Касцёла Гродзенскай дыяцэзіі.

На заканчэнне біскуп пажадаў парафіянам, якія, па яго словах, становяцца з гэтага моманту будаўнікамі, каб яны мелі пачуццё, што ўдзельнічаюць у чымсьці ўзнёслым, гістарычным — тым, што будзе дапамагаць iм і наступным пакаленням на шляху да збаўлення, — і каб намаганне, якое яны будуць рабіць разам, умацоўвала іх сувязь як адной сям’і вернікаў, якіх злучае любоў да Хрыста, да Яго Маці і да Касцёла.

Таксама біскуп Гродзенскі заклікаў усіх прысутных да гарачай малітвы аб шчаслівым будаўніцтве касцёла, які стане сэрцам новай парафіі, дзе будзе струменіць жыццё і дзе кожны чалавек зможа адчуць, што ён патрэбны і любімы Богам.

Іерарх пажадаў, каб у спаўненні гэтага вялікага і адказнага задання вернікам дапамагаў Апостал Божай Міласэрнасці, благаслаўлёны ксёндз Міхал, які сваёй святарскай і душпастырскай інтуіцыяй распазнаў, якія цудоўныя плёны можа прынесці культ Божай Міласэрнасці.

Падчас урачыстасці быў падпісаны Акт аб умураванні вуглавых камянёў. Дакумент будзе захоўвацца ў архіве парафіі.

«Няхай гэтыя камяні будуць сімвалам вялікай удзячнасці Богу ў Тройцы Святой Адзінаму за кожнае благаслаўленне ў час будаўніцтва, сведчаннем вернасці Крыжу, Евангеллю і Каталіцкаму Касцёлу, а таксама выразам веры, ахвярнасці і працавітасці парафіянаў, жыхароў Абухава і шматлікіх ахвярадаўцаў», — адзначаецца ў дакуменце.

Акт быў падпісаны біскупам, пробашчам, іншымі прысутнымі святарамі і запрошанымі гасцямі.

На заканчэнне ўрачыстасці ксёндз Міхал Васількевіч ад імя парафіянаў падзякаваў усім за ўдзел у гэтай падзеі, важнай для мясцовай супольнасці, якая пачынае пісаць сваю гісторыю.

У Абухаве будуецца ўжо другая ў Гродзенскай дыяцэзіі святыня ў гонар благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі. Першай у нашай краіне стаў касцёл на станцыі Ашмяны, які біскуп Аляксандр Кашкевіч благаславіў 28 верасня 2019 года.

Абноўлена 25.04.2023 17:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа