15 лютага распачынаецца навэнна малітвы ў інтэнцыі заканчэнні вайны і ўсталяванні справядлівага міру ва Украіне. Яна завершыцца 24 лютага малітоўным чуваннем і святой Імшой ва Усеўкраінскім санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Бярдычаве.
Гэтая малітоўная ініцыятыва таксама сугучная «Году міру і стварэння», які абвешчаны сёлета ў Рэспубліцы Беларусь.
Навэнна распачынаецца ва ўспамін благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі, нашага земляка, які разам са святой сястрой Фаўстынай Кавальскай стаў Апосталам Божай Міласэрнасці.
На працягу дзевяці дзён, з 15 па 23 лютага гэтага года, будзем маліцца Літанію да Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста.
Біскупы Рыма-Каталіцкага Касцёла ва Украіне заахвоцілі ўсіх людзей добрай волі далучыцца да малітвы да Пана, «каб сваёю каштоўнаю і нявінна пралітаю Крывёю Ён абмыў грахі чалавецтва і даў нам паратунак ад вайны і вечнай пагібелі».
Каталіцкія біскупы Беларусі падтрымалі ініцыятыву ўкраінскіх сабратоў і ў адмысловым Паведамленні запрасілі духавенства, кансэкраваных асоб і ўсіх вернікаў нашай краіны да малітвы за пацярпелых ад землятрусу ў Турцыі і Сірыі, а таксама ад войнаў у розных частках свету.
«Заахвочваем усіх вернікаў і людзей добрай волі па меры сваіх магчымасцяў далучыцца да гэтай малітвы за ўсіх пацярпелых, іх родных, за загінулых як у гэтым землятрусе, так і падчас ваенных дзеянняў ва Украіне і ў іншых частках свету, а таксама за ўрачоў, ратаўнікоў і за ўсіх тых, хто прыкладае намаганні, каб выправіць наступствы трагедыі ў Турцыі і спыніць кафлікты, якія адбываюцца ў свеце», — напісалі біскупы Касцёла на Беларусі.
Такім чынам яны заклікаюць усіх далучыцца да закліку Святога Айца Папы Францішка, які просіць кожнага чалавека ахапіць малітвай і праявіць салідарнасць з ахвярамі трагедый на пацярпелых тэрыторыях, а таксама тэрыторыях, змучаных вайной, аддаючы іх апецы Багародзіцы: «Прыйшоў час для спагады, прыйшоў час для салідарнасці.
Хопіць нянавісці, хопіць войнаў і падзелаў, якія вядуць да самазнішчэння. Давайце аб’яднаемся ў болю, давайце дапаможам тым, хто пакутуе ў Турцыі і Сірыі, давайце будаваць мір і братэрства ў свеце», — напісаў Святы Айцец у сваім Твітары (гл. Twitter @Pontifex).
Пантыфік рэгулярна звяртаецца да вернікаў і ўсіх людзей добрай волі, заклікаючы іх няспынна маліцца і рабіць усё магчымае для таго, каб у змучанай вайной Украіне як мага хутчэй настаў такі жаданы мір.