24 лютага ва Усеўкраінскім санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Бярдычаве адбудзецца малітоўнае чуванне і святая Імша ў інтэнцыі заканчэнні вайны і ўсталяванні справядлівага міру ва Украіне.
Пра гэта паведамляецца ў Звароце ўкраінскага каталіцкага епіскапату да духавенства, кансэкраваных асоб і ўсіх вернікаў з нагоды першай гадавіны з пачатку вайны, апублікаваным на партале Рыма-Каталіцкага Касцёла ва Украіне rkc.org.ua.
Сустрэчу ўзначаліць Апостальскі нунцый ва Украіне арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас.
Каталіцкія біскупы Украіны запрашаюць асабіста ўзяць удзел у літургічных набажэнствах усіх святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў.
Перад гэтай малітоўнай сустрэчай украінскія іерархі прапануюць правесці Навэнну ў парафіяльных, манаскіх і сямейных супольнасцях або індывідуальна, паводле магчымасцяў.
«На працягу дзевяці дзён, з 15 па 23 лютага гэтага года, будзем маліцца Літанію да Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста.
Заахвочваем усіх людзей добрай волі далучыцца да малітвы да Пана, каб сваёю каштоўнаю і нявінна пралітаю Крывёю Ён абмыў грахі чалавецтва і даў нам паратунак ад вайны і вечнай пагібелі. Усім, хто далучыцца да супольнай малітвы, шчыра дзякуем і ад усяго сэрца благаслаўляем», — пішуць біскупы Рыма-Каталіцкага Касцёла ва Украіне.