Пошук


Ксёндз Міхал Сапоцька быў далучаны да ліку благаслаўлёных 28 верасня 2008 г. Урачыстася беатыфікацыя адбылася на плошчы ккаля касцёла Божай Міласэрнасці ў Беластоку.

Гэта была вялікая і ўрачыстая падзея для горада, дзе кс. Міхал Сапоцька працаваў амаль на працягу 30 гадоў жыцця (1947–1975). Тут з моманту прыезду і да выхаду на пенсію ў 1962 г. ён выкладаў у архідыяцэзіяльнай Вышэйшай духоўнай семінарыі. У Беластоку ксёндз Міхал вёў інтэнсіўную акцыю цвярозасці, арганізаваў шэраг месячных і гадавых катэхетычных курсаў для законных сясцёр і свецкіх, чытаў адкрытыя лекцыі на рэлігійную тэму. 15 лютага 1975 г. ён памёр менавіта ў Беластоку, і тут спачываюць яго рэліквіі.

Беатыфікацыя стала таксама важнаю падзеяй і для Вільні, бо там бл. Міхал Сапоцька рыхтаваўся да святарства ў семінарыі і 15 чэрвеня 1914 г. прыняў святарскае пасвячэнне. Ён быў вядомым пастырам, якога цанілі на працягу ўсяго яго побыту ў Вільні з 1924 да 1947 г.

У гэты віленскі перыяд кс. Міхал Сапоцька быў прызначаны спачатку вайсковым капеланам і садзейнічаў адбудове касцёла св. Ігнацыя, потым стаў духоўным айцом Мітрапалітальнай духоўнай семінарыі і выкладчыкам Віленскага універсітэта, дзе стаяў ля вытокаў новай манаскай Кангрэгацыі Сясцёр Міласэрнасці Езуса Хрыста. Але перш за ўсё ў Вільні ён выконваў абавязкі рэктара касцёла Арханёла Міхала, стаў спаведнікам сястры Фаустыны Кавальскай.

Гэты перыяд духоўнага кіраўніцтва быў кароткі, усяго 3 гады, але выключна багаты ў духоўным плане. У 1933–1936 гг. быў напісаны духоўны «Дзённік» сястры Фаустыны, намаляваны абраз Міласэрнага Езуса (мастак Яўген Казіміроўскі). Можна сказаць, што гэта быў вельмі інтэнсіўны пачатак усяго таго, што сёння мы называем культам Божай Міласэрнасці.

Несумненна, што беатыфікацыя ксяндза Міхала Сапоцькі стала значнай падзеяй і для Ашмянаў, і для ўсёй ашмянскай зямлі, бо менавіта з гэтай зямлёй звязаны жыццёвы шлях благаслаўлёнага. Ён нарадзіўся 1 лістапада 1888 г. у Юшэўшчыне, якую называлі Навасадамі, у Ашмянскім павеце (цяпер Валожынскі раён). Быў ахрышчаны 19 лістапада 1888 г. у парафіяльным касцёле ў Забрэззі. Нягледзячы на цяжкія бытавыя ўмовы, бацькі паклапаціліся пра пачатковую адукацыю сына.

У 1901–1902 гг. Міхал вучыўся ў народнай школе ў Забрэззі, дзе часта ўдзельнічаў у набажэнствах у парафіяльным касцёле. Амаль кожны дзень хлопец прыслугоўваў на св. Імшы, у нядзелю спяваў Гадзінкі разам з арганістам. Сапраўдны святарскі прыклад тагачаснага забрэзскага пробашча кс. Яна Куніцкага, яго палымяныя казанні, апостальская стараннасць і клопат пра належны Божы культ мелі вялікі ўплыў на Міхала, ажывілі ў ім жаданне стаць святаром, якое ён меў з дзяцінства.

Міхал здаў экзамен у мясцовую шасцікласную школу ў Ашмянах. Падчас гэтай вучобы ў 1904–1906 гг. яшчэ больш пачало развівацца яго рэлігійнае жыццё і вернасць хрысціянскім ідэалам. Усё гэта праявілася тады, калі ён адважна выступіў, абараняючы правы каталіцкай моладзі на вызнанне сваёй веры ад распараджэнняў расейскага і праваслаўнага кіраўніцтва школы. Па яго ініцыятыве ў школе павесілі абраз Маці Божай, вярнулі каталіцкія малітвы, а таксама заняткі па рэлігіі, якія вёў каталіцкі святар. Гады вучобы ў Ашмянах супалі з часам будаўніцтва цяперашняга парафіяльнага касцёла. Міхал быў сведкам таго, як узводзілася святыня ў Ашмянах.

Першыя гады святарскага служэння кс. Міхала Сапоцькі праходзілі паблізу Ашмянаў. Адразу ж пасля святарскага пасвячэння ў 1914 г. ён быў скіраваны вікарыем у парафію ў Таборышкі. Ксёндз ахапіў сваім пастырскім клопатам аддаленыя мясцовасці ад Таборышкаў — Меднікі Каралеўскія і Андрава. Ён ездзіў туды сам, не зважаючы на вялікія цяжкасці і стан здароўя. Кс. Міхал практычна адрадзіў касцёл у Андраве і Медніках.

Па матэрыялах часопіса «Ave Maria» №4 (156) 2008 г.

Успамін 15 лютага.
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця