
28 студзеня, ва ўспамін святога Тамаша Аквінскага, асаблівыя ўрачыстасці з удзелам Генеральнага настаяцеля ордэна дамініканаў, да якога належаў славуты тэолаг, праходзяць у Фларэнцыі, у гістарычным касцёле Санта Марыя Навэла, дзе з нядаўняга часу можна ўбачыць самую старажытную фрэску з выявай святога.
На фрэсцы святы Тамаш паказаны падчас інаўгурацыйнай лекцыі ў Сарбоне. Як паведамляе італьянская рэдакцыя парталу Vatican News, гэты твор сакральнага мастацтва, напісаны ў 1323 годзе, калі не мінула яшчэ і 50-і гадоў з дня смерці Тамаша Аквінскага, падчас адной з перабудоў святыні быў затынкаваны і заставаўся невядомым амаль 500 гадоў.
Нядаўна фрэску выпадкова знайшлі падчас рэстаўрацыйных прац. Выяву даследавалі і рэстаўравалі, і з мінулага года яе могуць убачыць пілігрымы і турысты.
Касцёл Санта Марыя Навэла ў Фларэнцыі належыць дамініканам, якія з’явіліся ў горадзе ў 1221 годзе. Сабратоў прыслаў з Балоньі сам святы Дамінік для супрацьстаяння ерасі катараў.
Пасля смерці святога Тамаша Аквінскага гэты касцёл стаў важным цэнтрам вывучэння тамізму, а пасля кананізацыі вялікага багаслова — таксама цэнтрам культу Анёльскага Доктара. Тут ушаноўваецца яго каштоўная рэліквія, пра якую Ватыканскаму радыё распавёў айцец Мануэль Русо з дамініканскага кляштару ў Фларэнцыі.
«Гісторыя рэліквій святога Тамаша даволі заблытаная, паколькі ён памёр у цыстэрцыянскім кляштары ў Фосануова. У адпаведнасці з тагачасным кананічным правам, цела памерлага належала кляштару, у якім ён сканаў.
Дамінікане не маглі з гэтым змірыцца і таму вырашылі выкрасці цела Тамаша, каб перавезці яго ў Тулузу — горад, дзе ўзнік ордэн прапаведнікаў. Па дарозе з Італіі ў Францыю яны спыніліся ў Фларэнцыі, дзе Папа Урбан V, вельмі незадаволены гэтай справай, распарадзіўся дастаць палец святога і пакінуць яго ў касцёле Санта Марыя Навэла.
У мінулым культ святога Тамаша Аквінскага ў Фларэнцыі быў вельмі жывы. Сёння ён зноў адраджаецца.
Калісьці тут нават праводзіліся славутыя працэсіі з пальцам святога Тамаша. Таксама ва ўрачыстасць Божага Цела за Найсвяцейшым Сакрамэнтам неслі рэліквію пальца святога Тамаша, бо менавіта гэтым пальцам былі напісаны эўхарыстычныя гімны на Божае Цела», — кажа айцец Мануэль Русо.
