Новы прэзідэнт ЗША Джозэф Байдэн запрасіў кіраўніцтва Кангрэсу — як рэспубліканцаў, так і дэмакратаў, — разам з ім узяць удзел у святой Імшы ў катэдры святога апостала Мацвея ў Вашынгтоне 20 студзеня, у дзень яго інаўгурацыі.
Як са спасылкай на Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ адзначае Deon.pl, новы прэзідэнт Злучаных Штатаў моцна падкрэслівае сваю рэлігійную прыналежнасць.
Джо Байдэн распачаў дзень, калі прыняў прэзідэнцкую прысягу, з удзелу ў святой Імшы ў найбольш значнай каталіцкай святыні Вашынгтона — катэдры святога апостала Мацвея.
Ён таксама папрасіў, каб у супольнай малітве да яго далучыліся як дэмакратычныя, так і рэспубліканскія парламентарыі.
У гэтай катэдры ўзначальваў цэлебрацыі як Папа Францішак, так і святы Ян Павел ІІ падчас сваёй першай пілігрымкі ў Амерыку ў 1979 годзе. Арцыбіскуп Караль Вайтыла маліўся тут і да таго, як быў абраны на Пятровы Пасад, падчас свайго візіту ў Вашынгтон у 1976 годзе. На Імшы тады прысутнічаў прафесар Джорджтаўнскага ўніверсітэта Ян Карскі, які ў прыватным парадку сустракаўся з кракаўскім іерархам. Катэдра стала месцам жалобных цырымоній Яна Карскага 18 ліпеня 2000 года, падчас якіх кранальнае казанне прамовіў айцец Лео О’Донаван SI, рэктар Джорджтаўнскага ўніверсітэта.
Джо Байдэн папрасіў езуіта аб рэлігійнай інаўгурацыі ягонага прэзідэнцтва праз малітву просьбы падчас цырымоніі прывядзення да прысягі на Капіталійскім пагорку.
Як высветліў КАІ, цалкам верагодна, што катэдра святога Мацвея стане месцам рэгулярнага ўдзелу прэзідэнта Джо Байдэна ў нядзельнай святой Імшы.