74-гадовая экс-тэнісістка Маргарэт Корт, адна з найбольш паспяховых спартсменак за ўсю гісторыю тэніса ў інтэрв’ю The New York Times адзначыла, што яе спрабуюць абвінаваціць у чалавеканенавісніцтве.
«Вам (маюцца на ўвазе амерыканцы — заўв. аўт.) праз многае даводзілася прайсці ў жыцці. Са мной тое адбываецца да гэтай пары.
Я выступаю за сямейныя каштоўнасці і кажу гэта ўслых, але мяне за гэта пераследуюць. Я не ненавіджу людзей. Я іх люблю, але гэта спрабуюць сказіць. І я заяўляю, што шлюб павінен заключацца паміж мужчынам і жанчынай.
Я ведаю, што ў ЗША законы змяніліся. Я нічога не маю супраць людзей, але мяне паказваюць так, быццам я іх ненавіджу. А я толькі спрабую абараніць сям’ю ў яе біблійным значэнні.
Навошта ціснуць на дзяцей ужо ў школьным узросце? Ім кажуць: “Ты хлопчык? Ці ты дзяўчынка? Ты можаш быць і тым, і іншым”. Яны нарадзіліся або дзяўчынкамі, або хлопчыкамі і павінны разумець гэта.
Я хаджу па школах і размаўляю з дзецьмі, але тэнісныя федэрацыі баяцца даць мне слова. Яны думаюць, што я пачну прапаведваць хрысціянства, але я не настолькі неразумная», — сказала Корт The New York Times.
Маргарэт Корт належыць рэкорд па колькасці перамог на турнірах Вялікага Шлему ў адзіночным разрадзе, дзе яна перамагала 24 разы. Для параўнання, у Серэны Уільямс 23 перамогі на мэйджорах, у Штэфі Граф — 22, у Марціны Наўрацілавай — 18.
Корт не ўпершыню выказваецца такім чынам на тэму аднаполых саюзаў. У 2012 годзе напярэдадні Australian Open яна наступным чынам каментавала свае перакананні:
«Я ніколі не адчувала нянавісці да геяў і лесбіянак, але, як і раней, выступаю супраць аднаполых саюзаў. Насамрэч я люблю гомасексуалістаў і не маю нічога супраць іх. Гэта проста мая пазіцыя, і я маю на яе права. Я лічу, што сужэнства — гэта саюз паміж мужчынам і жанчынай».