Пошук

03.12.2020 14:55   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: EFE

1 снежня самай вялікай каляднай батлейкай у свеце паводле Кнігі рэкордаў Гінэса была прызнана інсталяцыя Святой Сям’і ў Алікантэ (Іспанія).

Фігура святога Юзафа дасягае даху пяціпавярховых будынкаў на Ратушнай плошчы, дзе ўсталявана незвычайная батлейка, а вышыня яго кія складае 18,15 метраў. Постаць Маці Божай, якая, седзячы, мае вышыню 10,5 метраў, схіляецца над больш як трохметровай фігурай Дзіцяткі Езуса.

Батлейка ў Алікантэ пераўзышла памерамі папярэдні рэкорд, які з 1991 года трымала інсталяцыя Нараджэння Хрыста ў Мантэрэі, што ў Мексіцы.

Мексіканская батлейка мае амаль удвая меншыя памеры за тую, якую цяпер можна ўбачыць у Алікантэ.

Над стварэннем фігур, выкананых з металу і штучных матэрыялаў, працавала група з дзесяці спецыялістаў пад кіраўніцтвам мясцовага мастака Хасэ Мануэля Гарсіі Эсківы.

Фота: informacion.es

Кошт праекту склаў 123 тыс. еўра, а атрыманне афіцыйнага сертыфікату ад Кнігі рэкордаў Гінэса каштавала яшчэ амаль 15 тыс. Тым не менш у Алікантэ ўпэўнены, што калядная батлейка рэкордных памераў, якая застанецца на цэнтральнай плошчы горада на бліжэйшыя тры гады, прыцягне ў горад турыстаў і дапаможа вярнуць страты, выкліканыя наступствамі пандэміі і агульным зніжэннем актыўнасці ў рэгіёне.

Абноўлена 03.12.2020 17:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця