24 снежня, у вігілію Нараджэння Пана, адбудзецца канцэрт у парыжскай катэдры Нотр-Дам, моцна пашкоджанай пажарам паўтара гады таму. Пасля доўгага перапынку заспявае катэдральны хор.
Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ са спасылкай на Парыжскую архідыяцэзію, у катэдры выступяць 20 спявачак і спевакоў, двое салістаў і арганіст. Канцэрт з захаваннем строгіх прадпісанняў, уведзеных на час пандэміі, будзе транслявацца па тэлебачанні.
Для хору катэдры Нотр-Дам, які доўгі час быў вымушаны спяваць у іншых касцёлах, гэта будзе першае супольнае выступленне ў сваёй святыні пасля пажару.
У катэдры ўжо цэлебравалася Імша без удзелу вернікаў, у тым ліку на Вялікдзень.
Імша Пастэрка адбылася ў мінулым годзе ў цыркавым намёце ў парку ў заходняй частцы Парыжа.
Галоўныя арганы святыні цяпер рамантуюцца, таму на час урачыстасцяў Божага Нараджэння быў узяты ў арэнду невялікі інструмент.
На мінулым тыдні завяршыўся важны этап у працах, якія вядуцца ў гатычнай катэдры. Ужо цалкам разабрана 200-тоннае рыштаванне на даху, якое было ўсталявана перад пажарам для рэканструкцыі шпіля Нотр-Дам. У час пажару шпіль і іншыя часткі даху абрынуліся на зямлю.
З пачатку чэрвеня было разабрана 40 тысяч частак рыштавання на вышыні да 40 метраў. Цяпер, як паведамілі ў будаўнічай кампаніі, небяспека абвалу знікла.
Падчас пажару Нотр-Дам 15 красавіка 2019 г. агонь ахапіў частку даху, знішчыў шпіль і частку скляпення.
Усё павінна быць адбудавана згодна з гістарычным выглядам святыні. Як сказаў прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, працы павінны завяршыцца да запланаваных на 2024 год летніх Алімпійскіх гульняў у Парыжы.