Пошук

30.11.2020 09:54   Паводле: «Новинарня» / Фота: Ken Dark / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

Брытанскі археолаг Кэн Дарк заяўляе, што раскапаў будынак,  пабудаваны святым Юзафам, у якім прайшло дзяцінства Езуса Хрыста.

Як са спасылкай на Daily Mail паведамляе «Новинарня», пра гэта навуковец падрабязна распавядае ў сваёй новай кнізе «Кляштар сясцёр назарэтанак: помнікі рымскага, візантыйскага і крыжацкага перыядаў у цэнтральным Назарэце» (The Sisters of Nazareth convent: A Roman-period, Byzantine and Crusader site in central Nazareth).

Прафесар Рэдынгскага ўніверсітэту Кэн Дарк прысвяціў 14 гадоў раскопкам рэштак жылога будынку І стагоддзя нашай эры, размешчаных пад кляштарам сясцёр у Назарэце.

Як сцвярджае археолаг, ёсць падставы меркаваць, што гэты дом быў пабудаваны зямным бацькам Езуса Юзафам.

Упершыню гэтае старажытнае жытло археолагі выявілі яшчэ ў 1880-х гадах. Сёстры з кляшатара назарэтанак, якому належыць тэрыторыя, апекаваліся раскопкамі, лічачы, што гэта дом, у якім жыла Святая Сям’я. Такое меркаванне выказаў у 1888 годзе вядомы даследчык Святога Пісання, археолаг-аматар Віктор Герэн. Аднак ніякіх пацвярджэнняў гэтай гіпотэзы тады знойдзена не было.

У 1936–1964 гг. тут дастаткова актыўна праводзіліся раскопкі. Працамі кіраваў кс. Анры Сенэс, езуіт з Папскага Біблейскага інстытуту ў Ерузалеме, які быў таксама архітэктарам. Ён пакінуў дэтальныя замалёўкі раскапанага жытла, хоць так і не сістэматызаваў іх у навуковай працы.

У далейшым на помнік перасталі звяртаць увагу і нарэшце пра «дом Езуса» навукоўцы проста забыліся, пакуль у 2006 годзе ім не зацікавіўся прафесар Дарк.

Уважліва даследуючы старадаўняе жытло, ён паступова ўмацоўваўся ў меркаванні, што будынак сапраўды мог належаць Юзафу і Марыі.

Пра гэта ён упершыню напісаў у сваім артыкуле ў 2015 годзе.

Кэн Дарк

Далейшы аналіз помніка пацвердзіў, што жытло было ўзведзена ў І стагоддзі ўмелым рамеснікам. Між тым Юзаф, паводле Новага Запавету, быў не толькі цесляром,але і майстрам, які мог пабудаваць дом.

Як сведчаць раскопкі, гэта быў будынак з унутраным дваром, жылымі і складскімі памяшканнямі (клеццю) і тэрасай на даху.

Сходы ў будынку былі па-майстэрску вычасаны ў камені прыроднай пячоры, а яе скляпенні былі часткова выкарыстаны ў якасці столі ў адным з пакоеў.

Пасля крыжовай смерці Езуса і пашырэння хрысціянства ў пагорку, што прылягае да будынку, была пабудавана пячорная царква (прыблізна ў IV ст.). У наступным стагоддзі над ёю і будынкам была ўзведзена яшчэ адна вялікая святыня.

Кэн Дарк звяртае ўвагу на тое, што раннія хрысціяне невыпадкова будавалі святыні на гэтым месцы, таму што, магчыма, лічылі яго значным з рэлігійнага пункту гледжання.

Побач з кляштарам сясцёр назарэтанак знаходзіцца святыня Звеставання, якая, як лічыцца, пабудавана на тым месцы, дзе Арханёл Габрыэль абвясціў Панне Марыі, што Яна народзіць Божага Сына. Фота: Shutterstock

Абноўлена 30.11.2020 11:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця