22 лістапада ўжо чацвёрты год запар амерыканская спявачка Лорэн Дэйгл, выканаўца папулярнай хрысціянскай музыкі, атрымала прэстыжную ўзнагароду American Music Awards у катэгорыі «ўлюбёнага артыста — сучаснага натхнення».
Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, кампазіцыі 29-гадовай выканаўцы і аўтаркі тэкстаў з часу выхаду ў 2018 годзе яе ўзнагароджанага Грэмі альбому Look Up Child не пакідаюць хіт-парадаў, а відэа з яе спевамі б’юць рэкорды па праглядах.
Пра сваю чарговую ўзнагароду Дэйгл сказала, што сапраўды ганарыцца ёю, таму што разумее, што гэта — вынік галасавання меламанаў. У адрозненне ад Грэмі, дзе пераможцаў вызначаюць члены Нацыянальнай акадэміі мастацтва і навукі гуказапісу, лаўрэаты American Music Awards выбіраюцца шляхам галасавання на афіцыйным сайце прэміі.
«Я дзякую майму гурту, фанатам і ўсім тым, хто працягвае падтрымліваць мяне ў гэтым падарожжы», — перадае словы спявачкі КАІ.
Плацінавы альбом Look Up Child дазволіў Лорэн Дэйгл стаць першай у гісторыі выканаўцай, якая ў музычным штотыднёвіку Billboard трапіла ў спіс найбольш паспяховых адначасова ў дзвюх катэгорыях: папулярнай і хрысціянскай музыкі. Акрамя таго, яе ўзнагароджаная Грэмі кампазіцыя You Say найдаўжэй у гісторыі займае першую пазіцыю ў хрысціянскім хіт-парадзе Hot Christian Songs Chart — ужо 111 тыдняў. Яна доўгі час узначальвала таксама іншыя хіт-парады.
Акрамя дзвюх узнагарод Грэмі, Лорэн Дэйгл здабыла сем узнагарод Billboard Music Awards, чатыры American Music Awards і дзесяць прэстыжных узнагарод GMA Dove Music Awards.
Надзвычай папулярная сёння спявачка напачатку не ставілася да музыкі ўсур’ёз. Усё змяніла яе хвароба, якую яна называе адной з найлепшых рэчаў, якія з ёю здарыліся ў жыцці.
Перш, чым яна пачала спяваць і запісваць сучасную хрысціянскую музыку, спевы праслаўлення і ў стылі Gospel, яна пэўны час працавала на місіі ў Бразіліі.
Лорэн Дэйгл ужо выпусціла тры студыйныя альбомы: How Can It Be (2015), Behold: A Christmas Collection (2016) i Look Up Child (2018).